Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд ня ўгледзеў парушэньняў пры фармаваньні ўчастковых камісіяў


Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Сёньня судзьдзя Савецкага раёну Гомеля Юры Жораў адхіліў прэтэнзіі гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі да раённай адміністрацыі з прычыны неўключэньня 40 яе вылучэнцаў у склад участковых выбарчых камісіяў.

«Судзьдзя ня ўгледзеў парушэньняў выбарчага заканадаўства з боку выканкаму Савецкага раёну пры фармаваньні камісіяў, — пракамэнтаваў вырак прысутны на судзе юрыст АГП Леанід Судаленка. — Мы прапаноўвалі дапоўніць склад камісіяў, якія паўсюдна налічваюць 13 чалавек, нашымі вылучэнцамі. У камісіях жа можа быць ад 13 да 19 чалавек. Паказальна, што ва ўчастковыя камісіі ў Савецкім раёне ўключана шмат вылучэнцаў таварыства выратаваньня на вадзе, у статуце якога наўрад ці ёсьць згадка пра дасягненьне нейкіх там палітычных мэтаў. Іхняя задача — ратаваць тапельцаў. А партыю, якая зьяўляецца галоўным суб’ектам выбарчага працэсу, пазбаўляюць удзелу ў падліку вынікаў галасаваньня. Дзе ж тут лёгіка?»

Прадстаўнік адміністрацыі Савецкага раёну Станіслаў Чэмезаў даводзіў суду, што ўчастковыя камісіі сфармаваныя найменшым складам у зьвязку з кампактным разьмяшчэньнем участкаў. Павялічваць іх колькасны склад ня мае сэнсу.

Старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Андрэй Толчын, які падпісваў пазоў у суд, прыгадвае, што цягам апошніх 14 гадоў на ніводных выбарах адміністрацыя Савецкага раёну не ўключала іх прадстаўнікоў у склад участковых камісіяў. Гэта сьведчыць пра яўную дыскрымінацыю прадстаўнікоў АГП з палітычных матываў.

У суботу суд Партызанскага раёну Менску адмовіўся задаволіць падобны пазоў з боку партыі БНФ.

Камэнтуючы судовыя рашэньні, намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Канапацкі назваў іх яскравым паказчыкам таго, што залежнасьць судоў ад выканаўчай улады зводзіць на нішто любыя пазытыўныя зьмены выбарчага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG