Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкі гарвыканкам прымушае гараджан зьбіраць грошы на новы помнік


Помнік сьвятому Міколу Цудатворцу ў Полацку

Помнік сьвятому Міколу Цудатворцу ў Полацку

Улетку паводле загаду гарадзкіх уладаў быў зьнесены манумэнт памяці ахвяраў канцлягеру. Замест сьціплай стэлы на гэтым месцы да візыту патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла быў узьведзены помнік Мікалаю Цудатворцу. Цяпер гарвыканкам вымагае ад грамадзкасьці ахвяраваньняў, каб пабудаваць новы мэмарыял закатаваным землякам.

Кіраўнікі полацкіх прадпрыемстваў і ўстановаў атрымалі ліст за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму з прапановай правесьці збор сродкаў «для Полацкай гарадзкой арганізацыі «Беларускі фонд міру» на ўзьвядзеньне мэмарыяльнага комплексу на месцы масавага расстрэлу ваеннапалонных і мірных жыхароў ва ўрочышчы Пяскі (Спаскі гарадок).

У лісьце таксама напісана, што «2010 год — год 65-годзьдзя перамогі над фашызмам, і наш абавязак — зрабіць усё магчымае для ўшанаваньня памяці пра патрыятычны подзьвіг тых, хто загінуў у гады вайны. Бо мы ня маем права забывацца на тое, што яны зрабілі для нас у імя жыцьця на зямлі».

Паводле неафіцыйнага распараджэньня гарвыканкаму, кожны кіраўнік мусіць абавязаць працаўнікоў здаць на новы мэмарыял па 3-5 тысяч рублёў. Жыхары Полацку абураныя і такімі паборамі, і цынізмам уладаў: калі зносілі стэлу на месцы канцлягеру, дзе загінулі каля 40 тысяч чалавек, ніхто ня згадваў пра будучы юбілей Перамогі. Затое цяпер гарадзкая адміністрацыя піша: «Мы загадзя ўдзячныя ўсім, хто падтрымае наш зварот. Унёсак вашага калектыву ў справу ўвекавечаньня подзьвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне будзе ацэньвацца як свайго кшталту галасаваньне за захаваньне заваяванага такім дарагім коштам міру... Пра працу ў гэтым кірунку просім інфармаваць Полацкі гарвыканкам да 2 красавіка 2010 году».

Помнік Міколу Цудатворцу на месцы мэмарыяльнай стэлы ўзводзілі за расейскія грошы. Бронзавая выява сьвятога, вагой тры тоны і вышынёй тры з паловай мэтры каштавала 1 мільён расейскіх рублёў, якія выдаткаваў расейскі дабрачынны фонд Сьвяціцеля Міколы Цудатворца.

Пра будаўніцтва новага мэмарыялу ў Спаскім гарадку полацкія ўлады загаварылі тады, калі ў СМІ зьявіліся зьвесткі пра знос аднаго помніка дзеля ўсталяваньня другога. Месца пад мэмарыял было абрана таму, што пры будаўнічых працах ва ўрочышчы Пяскі знаходзілі чалавечыя косткі. Верагодна, гэта былі парэшткі расстраляных вязьняў канцлягеру і ваеннапалонных.

Як будзе выглядаць новы мэмарыял, хто аўтар праекту і колькі трэба сабраць сродкаў, гарвыканкам не паведамляе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG