Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыйная вайна была ў часы халоднай вайны прасьцейшай. Ключавую ролю тады адыгрывала радыёвяшчаньне, у тым ліку і Радыё Свабода, якое праз глушылкі прабівалася да людзей за жалезную заслону. Цяпер змаганьне перамяшчаецца ў сфэру сучасных тэхналёгіяў, у першую чаргу інтэрнэту, піша аўтар артыкулу ў газэце Wall Street Journal Гордан Гровіц.


На мінулым тыдні Міністэрства фінансаў ЗША прыняло рашэньне, што надалей ня будзе забараняць прыватным кампаніям дапамагаць дысыдэнтам. Міністэрства адмяніла правілы, паводле якіх раней забаранялася прадстаўляць фізычным асобам у Іране, Судане і на Кубе паслугі па прагляду вэб-старонак, блогаў, электроннай пошты, абмену фота і відэа ці доступу да сацыяльных сетак. Першапачаткова такая забарона мела на мэце аслабленьне аўтарытарных урадаў праз абмежаваньне экспарту ў краіны сучасных тэхналёгіяў. Такую палітыку прынялі кампаніі Microsoft, Yahoo, Google.

Аднак цяпер насьпела разуменьне, што трэба адрозьніваць інфармацыйнае ўзбраеньне рэжымаў і інфармацыйнае ўзбраеньне мужных грамадзянаў, якія з рэжымамі змагаюцца. Патэнцыйную “вызваленчую” сілу інфармацыйных тэхналёгіяў прыадкрылі, напрыклад, падзеі ў Іране, калі апазыцыя арганізавала масавыя пратэсты супраць сфальшаваных выбараў праз сацыяльныя сеткі і мабільныя тэлефоны.

З другога боку сучасныя тэхналёгіі даюць таксама і аўтарытарным рэжымам новую зброю для кантролю і адсочваньня сваіх апанэнтаў. Так, Тэгеран ускладніў доступ да інтэрнэту ў часе плянаваных пратэстаў. Кітай ў часе хваляваньняў у правінцыі Сіньдзянь увогуле адрэзаў доступ да інтэрнэту.

Узьнікае пытаньне, чаму б ЗША не пайсьці далей і не забясьпечыць грамадзянам такіх краін вольны доступ да інтэрнэту? Даючы тлумачэньні зьменаў у падыходзе да экспартнай палітыкі, дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан на мінулым тыдні дала зразумець, што ЗША будуць “падтрымліваць тых іранцаў, якія хочуць абыйсьці цэнзуру з боку Тэгерана”.

Этан Цукерман, дасьледчык з Гарварду і заснавальнік міжнароднага парталу блогаў Global Voices ужо нават падлічыў, колькі б каштавала забесьпячэньне свабоднага доступу да інтэрнэту для Ірану ці Кітаю праз proxy і іншыя тэхналёгіі. Выдаткі можна параўнаць з выдаткамі на забесьпячэньне радыёэфіру падчас халоднай вайны.

І ўсё ж халодная вайна была выйграная шляхам распаўсюду інфармацыі аб вольным сьвеце. І сёньняшні вольны сьвет можа пераканацца, што доступ для інтэрнэту і інфармацыйных інструмэнтаў яшчэ больш умацоўвае людзей у тых краінах, дзе тыраны баяцца сваіх грамадзянаў.

XS
SM
MD
LG