Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэпартаж грузінскай тэлекампаніі пра нібыта ўварваньне расейскіх войскаў і забойства прэзыдэнта Грузіі жахнуў цэлую краіну. І хаця журналісты патлумачылі ў канцы, што сытуацыя была проста змадэляваная, паніка не аціхала яшчэ доўга. Жыхары Грузіі, як аказалася, гатовыя да любога павароту падзеяў у іх краіне.

Гутарка зараз не пра этыку грузінскіх журналістаў і не пра тамтэйшую ўнутраную сытуацыю, калі любы кашмар людзі гатовыя прыняць за рэальнасьць. Проста гэтая гісторыя нагадала мне іншую – праўда, нашмат бяскрыўднейшую – якая адбылася ў Беларусі ў 1994 годзе.

1 красавіка радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная”, на якой я тады працавала, вырашыла разыграць сваіх слухачоў. На працягу гадзіны праграма некалькі разоў перапынялася трывожнай абвесткай: “Шаноўныя слухачы! Бліжэйшым часам чакаецца важнае ўрадавае паведамленьне. Заставайцеся ля сваіх прыймачоў!”

Эфэкт ад бяскрыўднай аб’явы пераўзышоў усе нашы чаканьні. Старэнькая тэлефонная падстанцыя, якая на той час абслугоўвала раён Радыёкамітэту, была спаралізаваная наплывам званкоў. Нашмат больш магутныя станцыі, якія працавалі на раёны, дзе месьціліся Саўмін і Вярхоўны Савет, таксама не спраўляліся прымаць панічныя званкі слухачоў...

У канцы перадачы я бесклапотна нагадала, што сёньня 1 красавіка, дзень жартаў, і папрасіла тых, хто чакаў урадавага паведамленьня, больш не турбавацца. Слухачы, можа, і супакоіліся, чаго, аднак, нельга было сказаць пра ўрад.

Распараджэньнем тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча я, як вядучая той праграмы, была адхіленая ад эфіру. Над радыёстанцыяй – у які ўжо раз – навісла пагроза закрыцьця.

У кулюарах Вярхоўнага Савету на наступны дзень я знайшла Вячаслава Кебіча:

– Вячаслаў Францавіч, ці праўда, што з-за першакрасавіцкага жарту вы зьбіраецеся закрыць радыёстанцыю?”

– А што ж вы думалі! Ведаеце, якую вы пасялілі паніку сваёй абвесткай? Вы думаеце, дазволена так жартаваць з урадам??!

– Вячаслаў Францавіч, а як вы думаеце: чаго так спалохаліся людзі? Якога страшнага сюрпрызу чакаюць яны ад вашага ўраду?..

Кебіч вытрымаў паўзу. Паглядзеў у вочы. Павярнуўся і, нічога не адказаўшы, пайшоў прэч.

...“Беларускую маладзёжную” закрылі...

Тагачаснаму кандыдату ў прэзыдэнты Аляксандру Лукашэнку на прэсавай канфэрэнцыі журналістка Людміла Класкоўская задала пытаньне: як вы ацэньваеце закрыцьцё “Беларускай маладзёжнай”?

– Змагайцеся і яшчэ раз змагайцеся! – быў адказ. – Вас, журналістаў, праз калена хочуць, а вы не здавайцеся! Я асабіста абяцаю, што як толькі прыйду да ўлады, адразу аднаўлю радыёстанцыю!..

”Маладзёжка” ніколі не аднавіла працу, а за наступныя гады яе лёс паўтарылі дзясяткі СМІ...
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG