Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расплачвацца за гэтыя наступствы будзе кожны з нас, а не Лукашэнка”


Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, мытны саюз Расеі, Беларусі і Казахстану, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Зараз завяршаецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты, ужо сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадарыня, Менск: “Камісіі сфармаваныя. Калі чуеш, які быў ціск на апазыцыйных прадстаўнікоў, як звальнялі з працы, дык дзіву даесься. Гэта ні ў якія рамкі ня ўпісваецца”.

Буто: “Мясцовыя выбары толькі пачынаюцца, але іх неабходна тэрмінова адмяняць, бо гэта толькі пародыя на выбары, і па многіх парамэтрах. Чаму? Гэта асобная тэма”.

Спадарыня: “Калі за 16 гадоў на выбарах усіх узроўняў перамагаюць толькі лукашысты, значыць, так званыя выбары даўно ператварыліся ва ўлюбёную гульню Лукашэнкі”.

Спадар: “Уся “чэсная” дэмакратыя будзе прадэманстравана датэрміновым пяцідзённым галасаваньнем як дэпутатаў, так і прэзыдэнта”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не выключае правалу Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам. Беларускі бок ні ў якім разе не павінен “ні падмануць партнэраў, ні паступіцца ўласнымі інтарэсамі”, падкрэсьліў кіраўнік Беларусі. Камэнтары слухачоў:

Анішкевіч, Маладэчна: “Пра Мытны саюз. Зараз заяўляць Лукашэнку пра магчымы выхад з мытнага саюзу немагчыма і недапушчальна, зыходзячы з магчымых наступстваў ад санкцый з боку Расеі. Гэта тое самае, што дражніць гусей. Расплачвацца за гэтыя наступствы будзе кожны з нас, а не Лукашэнка”.

Спадар: “Наконт Мытнага саюзу. Трэба было ўсё грунтоўна вывучыць, падсумаваць, пралічыць. Няўжо ў нас у Беларусі няма спэцыялістаў-прафэсіяналаў, якія б ведалі сусьветны досьвед іншых краінаў, я маю на ўвазе найперш Заходнюю Эўропу? У нас жа працуюць сьвядомыя самавучкі”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Сьвятлана Іванаўна, Ворша: “Хацела падзяліцца з чытачамі і слухачамі “Свабоды” тым, што наш кіраўнік пачаў распрадаваць народнае дабро: і завод “Луч”, і хімічныя прадпрыемствы, 500 прадпрыемстваў вылучана на продаж. Дык што ж гэта ён ня хоча падзяліцца гэтымі мільёнамі зь людзьмі, у якіх ляжаць чэкі “Маёмасьць”, непатрэбныя нікому? І яшчэ абяцанкі-цацанкі з тых выбараў, 15 гадоў таму, што абяцаў уклады людзям вярнуць. Дык вось народнае дабро распрадае, а людзям з гэтага нічога не дае. Дык што ж гэта за гаспадар такі, кіраўнік краіны?”

Спадар: “Учора Беларускае тэлебачаньне паказвала, як прэзыдэнт даваў пытлю кіраўнікам спартовых структураў за надта мяккую гульню хакейнай зборнай на Алімпійскіх гульнях. Думаю, прычына такой бяззубай гульні беларускай каманды вельмі простая: такі стыль беларускіх хакейных каманд выпрацаваўся таму, што часта на хакейных пляцоўках зьяўляецца хакеіст нумар адзін. І тады мы бачым карцінку, калі замест хакею на пляцоўцы — дзейства, вельмі падобнае да балету. І яшчэ аказваецца, што якасьць гульні хакейных камандаў зусім не залежыць ад колькасьці лядовых палацаў”.

На заканчэньне — вершаванае выказваньне на адрас Радыё Свабода:

Спадар Лявонцій:

“Сярод падманных галасоў,
Сярод усякіх бед, нягодаў,
Як маці родную, гатоў
Я слухаць голас твой, “Свабода”.

Цяпер, у час, калі ілжы
Свабода дадзена наўкола,
Знаходзіць водгук у душы
Твой шчыры і праўдзівы голас.

Ты знаеш цьвёрда, што вярхі
Дабра народу не прыбавяць,
А ўраду множацца грахі,
Якія родны край няславяць.

Ды ўсё да пэўнае пары,
Да гнеўных выступаў народа,
Бо ёсьць на тое змагары,
І ў ліку іх і ты, Свабода.

Хай моц тваю спазнае ўрад
І хай з табой лічыцца мусіць,
Каб справядлівы ўжыўся лад
На нашай роднай Беларусі”.


Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG