Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і расейская мова ў праграмах беларускіх палітычных партый


Артыкул Аляксандра Аўрукевіча з такой назвай быў апублікаваны днямі на інтэрнэт-рэсурсе фонду “Русское единство». Прааналізаваўшы праграмы палітычных партый Беларусі, аўтар прыходзіць да высновы, што ніводная зь іх – ані апазыцыйная, ані праўладная - “не зьяўляецца прарасейскай паводле сваёй ідэалёгіі або устаноўках у дакладным сэнсе гэтага слова”.


“Найбольш актыўныя палітычныя партыі і іх лідэры дастаткова ясна паказалі, што галоўнай мэтай іх зьнешняй палітыкі ў выпадку прыходу да ўлады зьяўляецца ўваходжаньне ў склад Эўразьвязу, выхад са сфэры ўплыву Расеі і зьмяншэньне ролі расейскай мовы” – адзначае А.Аўрукевіч. Паводле яго праўрадавыя партыі “імкнуцца ня столькі да ўзьяднаньня з Расеяй, колькі вылучаюць праекты па рэстаўрацыі СССР. Гэта ператварае і без таго няпэўныя фармулёўкі аб інтэграцыі з усходнім суседам у палітычныя утопіі. Утапічнасьць выяўляецца яшчэ і ў тым, што ўсе гэтыя партыі зыходзяць з ідэі непахіснасьці беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту”, піша Аляксандар Аўрукевіч.


На сёньняшні дзень у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партый, якія можна ўмоўна падзяліць на апазыцыйныя і праўладныя. Яны малалікія (у сярэднім у складзе партыі ня больш за 1500 сяброў) і практычна не прадстаўленыя ў парлямэнце. У палітычным жыцьці краіны найбольш заўважныя апазыцыйныя палітычныя партыі, лідэры і актывісты якіх прымаюць сталы ўдзел у рознага роду пратэстных акцыях супраць палітыкі прэзыдэнта А.Лукашэнкі. Менавіта з асяродзьдзя апазыцыйных партыяў вылучаюцца канкурэнты для барацьбы за вышэйшы пост кіраўніка дзяржавы. Напрыклад на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года галоўнымі апанэнтамі А.Лукашэнкі апынуліся А.Мілінкевіч, якога актыўна падтрымлівала Партыя БНФ, і А.Казулін, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Калі апазыцыйныя партыі ўвесь час імкнуцца заявіць пра сябе, а іх лідэры спрабуюць прэтэндаваць на ролю публічных палітыкаў і галоўных апанэнтаў дзейнаму прэзыдэнту, то праўладныя партыі фактычна адсутнічаюць у палітычным жыцьці краіны. Як правіла, шараговы грамадзянін проста ня ведае аб іх існаваньні. Аднак, нягледзячы на тое, што ў беларускай палітычнай сыстэме партыі пакуль гуляюць вельмі сьціплую ролю, іх не варта скідаць з рахункаў. Справа ў тым, што партыйныя ідэолягі, з аднаго боку, фармулююць палітычныя праекты і ідэі, якія адлюстроўваюць уяўленьні, распаўсюджаныя сярод палітычна актыўнай часткі насельніцтва краіны, а з другога актыўна накідаюць свае погляды і ўстаноўкі выбаршчыкам з дапамогай друкаваных і электронных СМІ. У сувязі з гэтым уяўляе цікавасьць пытаньне аб тым, якое месца ў партыйных праграмах займае Расея і расейская мова.

Найбольш ўплывовымі сярод палітычных партый Беларусі на дадзены момант зьяўляюцца шэсьць апазыцыйных партый: партыя БНФ, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» і Аб'яднаная грамадзянская партыя.

Праграма Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ адзначае, што зьнешняя палітыка Беларусі павінна быць накіравана на супрацоўніцтва з ЭЗ і на выхад са сфэры ўплыву Расеі. У цэлым зьнешняя палітыка Масквы ацэньваецца вельмі нэгатыўна, паколькі яна, на думку партыйных ідэолягаў, пагражае сувэрэнітэту Беларусі. Паводле іх меркаваньня у складзе Эўразьвязу краіна будзе гарантавана абароненая ад агрэсіі як з боку Польшчы, так і з боку Расеі. У якасьці эфэктыўнага сродку адстойваньня нацыянальных інтарэсаў вылучаецца ідэя Балта-Чарнаморскай садружнасьці Беларусі, Літвы і Украіны.

Характэрна, што такая зьнешняя палітыка дыстанцыяваньня ад Расеі абумоўліваецца прыналежнасьцю Беларусі да прасторы заходнеэўрапейскай культуры. Акрамя таго, уся беларуская гісторыя з канца XVIII ст. у складзе Расейскай імпэрыі і СССР расцэньваецца як «расейская акупацыя», якая нібыта суправаджалася генацыдам і асыміляцыяй беларусаў. Партыя не забыла адзначыць, што ў складзе Расейскай Фэдэрацыі знаходзяцца беларускія этнічныя зямлі, але адмовілася выстаўляць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да яе, прызнаючы існуючыя мяжы. Адной з задачаў зьнешняй палітыкі называецца барацьба за захаваньне культурных правоў беларускай этнічнай меншасьці за мяжой. Адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі павінна быць беларуская, прычым катэгарычна асуджаецца двухмоўе.

Галоўнай мэтай зьнешняй палітыкі Беларусі, на думку ідэолягаў іншай партыі -- Партыі БНФ, павінна быць уступленьне краіны ў склад Эўрапейскага Зьвязу, што дазволіць эфэктыўна супрацьстаяць тэрарыстычным і іншым пагрозам нацыянальнай бясьпекі, такое ўступленьне адпавядае беларускай культуры і гісторыі. Расея выключаная з ліку галоўных партнэраў Беларусі, затое ў гэты пералік патрапілі Літва, Латвія, Польшча і Украіна. Такі падбор не выпадковы, бо, згодна з праграмай партыі, усе гэтыя краіны складаюць адносна адзіны культурны і эканамічны рэгіён. Дадзенае зьнешнепалітычнае аб'яднаньне дазволіць зьвязаць у адзінае цэлае Балтыйскі рэгіён Эўразьвязу і блёку ГУАМ. Што тычыцца стасункаў з Расеяй, то ў праграме выказваецца патрабаваньне адмены пагадненьня аб стварэньні саюзнай дзяржавы, правядзеньня дэмаркацыі беларуска-расейскай мяжы і ўстанаўленьня памежнага рэжыму. Партыя лічыць неабходным дамагацца падпісаньня міжнароднай дамовы з Расеяй, у якой было б зафіксаванае прызнаньне ёй факту ўваходжаньня Беларусі ў склад ЭЗ. У галіне моўнай палітыкі партыя адназначна выступае за наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, а расейскай адводзіцца месца мовы нацыянальнай меншасьці.

Станіслаў Шушкевіч
У праграме партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, лідэрам якой зьяўляецца адзін з аўтараў Белавескіх пагадненьняў і першы кіраўнік беларускай дзяржавы С.Шушкевіч, у якасьці галоўнага зьнешнепалітычнага прыярытэту краіны абвяшчаецца нэўтралітэт.


Аднак гэта не перашкаджае абвясьціць курс на памяншэньне залежнасьці ад Расеі як у эканамічнай, так і ў палітычнай галіне шляхам уступленьня ў Эўразьвяз. Акрамя таго, Беларусі прапануецца ўмацаваць Балта-Чарнаморскі саюз.



Праграма Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якую ўзначальвае А.Лябедзька, таксама вызначае асноўнай стратэгічнай мэтай зьнешняй палітыкі ўступленьне ў Эўразьвяз. Аднак, у адрозьненьні ад праграм папярэдніх партый, ўказваецца на неабходнасьць актыўнага разьвіцьця міжнароднага гандлю і эканамічнага супрацоўніцтва ня толькі з дзяржавамі-сябрамі ЭЗ, але і з Расеяй. Адмыслова адзначаецца, што Масква зьяўляецца стратэгічным партнэрам Менску. Аднак гэты тэзіс не азначае якога-небудзь цеснага збліжэньня, які выходзіць за межы прагматычнага супрацоўніцтва. Нягледзячы на тое, што праграмныя дакумэнты партыі апублікаваныя на расейскай мове, пашырэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы вызначаецца як прыярытэт ў культурнай палітыцы. Партыя абыходзіць маўчаньнем пытаньне аб дзяржаўным дзьвюхмоўі ў Беларусі, што прымушае задумацца аб пэрспэктывах рускай як дзяржаўнай мовы.

Анатоль Ляўковіч
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)
на чале з А.Ляўковічам лічыць, што ў сваёй зьнешняй палітыцы краіна павінна імкнуцца да ўваходжаньня ў склад Эўразьвязу і садзейнічаць ўступленьні ў ЭЗ Расеі, Украіны і Малдовы.

У адносінах з РФ Беларусь павінна прытрымлівацца прынцыпу раўнапраўнага стратэгічнага партнэрства. У сваёй праграме партыя імкнулася абысьці пытаньне аб дзяржаўным статусе расейскай мовы. Разам з тым паказальна, што беларускай мове, на думку аўтараў праграмы, варта адводзіць асаблівае месца як мове, якая генеруе беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць.



У праграме Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет»
(лідэр С.Калякін) адзначаецца, з аднаго боку, неабходнасьць нармалізацыі дыпляматычных стасункаў з замежнымі дзяржавамі. Зь іншага боку, сьцьвярджаецца неабходнасьць працягу інтэграцыі з Расеяй і Украінай і нават дапускаецца магчымасьць стварэньня Саюзнай дзяржавы. Аднак безумоўна абвяшчаецца ідэя дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі.

Такім чынам, большасьць апазыцыйных партый альбо выступаюць за паслабленьне палітычнай сувязі з Расеяй шляхам ўступленьня ў ЭЗ, фармаваньне шчыльнага палітычнага і эканамічнага саюзу з дзяржавамі Балтыі, Польшчай і Ўкраінай на падставе агульнасьці іх інтарэсаў і культурнай блізкасьці, альбо падкрэсьліваюць карысьць ад супрацоўніцтва з Расеяй, але пры захаваньні незалежнасьці. Частка партый адназначна выступае за пазбаўленьне расейскай мовы статусу дзяржаўнай, іншыя, замоўчваючы пытаньне аб лёсе і юрыдычным статусе расейскай мовы, аддаюць прыярытэт беларускай як сымбалю беларускай нацыянальнасьці.

Лібэральна-дэмакратычная партыя і Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды займаюць месца паміж непрымірымай апазыцыяй і адкрыта праўладнымі партыямі. Да гэтай групы можна аднесьці яшчэ Беларускую партыю зялёных, але апошняя ў сваёй праграме наогул не стала закранаць замежнапалітычную праблематыку.

Сяргей Гайдукевіч
У праграме Лібэральна-дэмакратычнай партыі, чый партыйны лідэр С.Гайдукевіч рэгулярна прымае ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, сьцьвярджаецца, што ў выбары саюзьнікаў Беларусь павінна кіравацца прагматычнымі нацыянальнымі інтарэсамі. Прыярытэт у міжнародных адносінах варта аддаваць сумежнымі краінамі, прычым Расейская Фэдэрацыя спэцыяльна не выдзяляецца са сьпісу, які ўключае таксама Польшчу, Украіну, Літву і Латвію. Разам з тым складальнікамі партыйнай праграмы прапаноўваецца «ўраўнаважыць» усходні і заходні сэктары зьнешняй палітыкі краіны. У гэтых мэтах раіцца актывізаваць супрацоўніцтва краіны з дзяржавамі-сябрамі ЭЗ, міжнароднымі арганізацыямі (АБСЭ) і прымаць удзел у эўраінтэграцыйных працэсах. Як і ў многіх партыйных праграмах, пытаньне аб расейскай мове замоўчваецца, але патрабуецца дзяржаўнае стымуляваньне разьвіцьця беларускай мовы і беларускамоўнай літаратуры.

Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды выбудоўвае, на першы погляд, больш прывабную для Расеі замежнапалітычную канцэпцыю. Так, падкрэсьліваецца неабходнасьць раўнапраўных адносін з Расеяй, патрабуецца выкананьне Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь, які, як вядома, захоўвае статус рускай як дзяржаўнай. Разам з тым самым галоўным лічыцца рэалізацыя канцэпцыі «Беларусь -- мост Усход-Захад», што прадугледжвае, па-першае, выбудоўваньне роўных адносін як з Расеяй, так і з іншымі краінамі рэгіёну, а па-другое, непахіснасьць незалежнасьці Беларусі.

Сярод партый, якія безумоўна падтрымліваюць палітыку ўладаў, можна назваць Беларускую аграрную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці (РППС), Беларускую патрыятычную партыю (БПП), Камуністычную партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю (БС-СП) і Рэспубліканскую партыю.

Якой-небудзь распрацаванай канцэпцыі зьнешняй палітыкі Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці не прадставіла грамадзкасьці да гэтага часу. У яе праграме толькі ўказваецца на неабходнасьць стварэньня раўнапраўнага саюза "з Расеяй і іншымі краінамі, заснаванага на свабодным перамяшчэньні тавараў, капіталаў і рабочай сілы пры ўвядзеньні адзінай міждзяржаўнай валюты і разьлікова-крэдытнага мэханізму».

Камуністычная партыя Беларусі таксама не дае разгорнутай канцэпцыі зьнешняй палітыкі. Аднак асноўнай зьнешнепалітычнай мэтай абвяшчаецца ўмацаваньне нацыянальнай бясьпекі краіны шляхам разьвіцьця беларуска-расейскай Саюзнай дзяржавы і паэтапнага аднаўленьня на добраахвотнай аснове абноўленага Саюза савецкіх народаў, умацаваньня яго палітычнай незалежнасьці і эканамічнай самастойнасьці.

Па параўнаньні з РППС і КПБ праграма Беларускай патрыятычнай партыі значна больш увагі надае праблемам зьнешняй палітыкі. Больш за тое, партыя выступае за ануляваньне пагадненьня ад 8 сьнежня 1991 году і ліквідацыю яго наступстваў, не ўсьведамляючы, што ўзьнікненьне незалежнай Беларусі і зьяўляецца наступствам стварэньня СНД. У якасьці практычнага кроку ў гэтым напрамку прапануецца заключыць ваенны, эканамічны і палітычны саюз Беларусі, Украіны і Расеі, а ў пэрспэктыве варта дамагацца «адзінай дзяржаўнасьці ўсіх народаў, якія пражываюць на тэрыторыі былога СССР». Варта адзначыць, што партыя дэкляруе «правядзеньне міралюбівай зьнешняй палітыкі».

У праграме Беларускай сацыяльна-спартовай партыі рэкамэндуецца выкарыстоўваць геапалітычнае становішча краіны, выбудоўваць раўнапраўныя адносіны з астатнімі дзяржавамі, прычым у першую чаргу з сумежнымі краінамі.

Рэспубліканская партыя
ў сваёй праграме абмежавалася толькі туманным пажаданьнем разьвіваць добрасуседзкія адносіны з сумежнымі краінамі, зыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў краіны.

Такім чынам, праўладныя партыі часта не маюць дакладнай канцэпцыі зьнешняй палітыкі, але ў большасьці выпадкаў адзначаюць неабходнасьць шчыльных стасункаў з Расеяй, выказваюць прыхільнасьць інтэграцыйным працэсам на прасторы былога СССР і стварэньні Саюзнай дзяржавы. Разам з тым партыі, якія выступаюць за інтэграцыю, імкнуцца не столькі да ўзьяднаньня з Расеяй, колькі вылучаюць праекты па рэстаўрацыі СССР. Гэта ператварае і без таго няпэўныя фармулёўкі аб інтэграцыі з усходнім суседам у палітычныя ўтопіі. Утапічнасьць выяўляецца яшчэ і ў тым, што ўсе гэтыя партыі сыходзяць з ідэі непахіснасьці беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту. Яны, як правіла, не згадваюць пытаньне аб статусе расейскай мовы ў Беларусі, што найбольш верагодна зьвязана з прызнаньнем вынікаў рэфэрэндуму аб дзьвюхмоўі 1995 года.

Такім чынам, ніводная зь дзеючых у Беларусі палітычных партый не зьяўляецца прарасейскай паводле сваёй ідэалёгіі або устаноўках у дакладным сэнсе гэтага слова. Найбольш актыўныя палітычныя партыі і іх лідэры дастаткова ясна паказалі, што галоўнай мэтай іх зьнешняй палітыкі ў выпадку прыходу да ўлады зьяўляецца ўваходжаньне ў склад Эўразьвязу, выхад са сфэры ўплыву Расеі, зьмяншэньне ролі расейскай мовы. Адзінае, што дапускаюць некаторыя з апазыцыйных палітычных партый, дык гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Расеяй у галіне міжнароднага гандлю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG