Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад красавіка беларусы пачнуць езьдзіць у ЭЗ па новых правілах


Краіны Шэнгенскага пагадненьня мяняюць для Беларусі, а таксама іншых краін — ня сябраў ЭЗ умовы выдачы візаў і ўводзяць новыя анкеты.


Зьмены ўводзяцца сёлета ад 5 красавіка на падставе новага візавага кодэксу Эўразьвязу, ухваленага Эўрапарлямэнтам яшчэ летась.

Прававы акт ЭЗ, які вызначае парадак атрыманьня візаў кароткатэрміновага знаходжаньня (да 90 дзён) у шэнгенскай зоне, абавязковы для ўсіх краін пагадненьня. Ягоная галоўная мэта — уніфікаваць усе патрабаваньні, якія выстаўляюць заяўнікам розныя краіны Шэнгенскага пагадненьня. Зьменаў, зь якімі сутыкнуцца беларусы, падаючы заяўкі на атрыманьне візаў, досыць шмат.

Сярод іх – стварэньне Інфармацыйнай візавай сыстэмы (ІВС), для якой у кожнага заяўніка трэба будзе зьбіраць адбіткі ўсіх 10 пальцаў рук.

Паводле інфармацыі прадстаўніцтва ЭЗ у Кіеве, консульствы шэнгенскіх краін на тэрыторыі Беларусі ўвядуць гэтую працэдуру не раней як у наступным годзе. Напачатку ж ІВС ахопіць рэгіёны Пэрсыдзкай затокі, Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі.

Згодна з новымі правіламі, дакумэнты на візу неабходна будзе падаваць у консульствы выключна па месцы жыхарства заяўніка.

Наяўныя грошы ўжо больш ня лічацца дастатковым доказам фінансавай незалежнасьці. Акрамя іх, заяўнікам давядзецца прадэманстраваць дадатковыя зьвесткі адносна свайго фінансавага стану.

Таксама будзе адмененая транзытная віза катэгорыі В. Для транзыту турыстам давядзецца зьвяртацца па звычайную візу, пазначаючы ў якасьці мэты паездкі слова “транзыт”.

Пры наяўнасьці шматразовай візы заяўнік можа падаць дакумэнты на новую, не чакаючы заканчэньня тэрміну яе дзеяньня.

Паводле распрацоўнікаў новага візавага кодэксу, атрымаць візу ў шэнгенскія краіны стане прасьцей.

Але турапэратары, якія працуюць на рынку турыстычных паслугаў СНД, мяркуюць, што ў сувязі з увядзеньнем так званай пашыранай анкеты папяровай валакіты стане болей.

Адрозна ад беларусаў, якія плацяць за шэнгенскую візу 60 эўра, грамадзяне суседніх Украіны і Расеі будуць плаціць візавы збор у памеры 35 эўра.
XS
SM
MD
LG