Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт зброі зь Беларусі: з 12-га месца на 42-е?


Такая зьмена адбылася зь месцам Беларусі ў сусьветным рэйтынгу гандляроў зброяй у 2008–2009 гадах.

Гэта вынікае зь сёлетняй справаздачы Стакгольмскага інстытуту дасьледваньняў праблем міру (SIPRI).

Паводле справаздачы інстытуту, Беларусь летась экспартавала зброі менш чым на 500 тысяч даляраў. Лідэрам рэйтынгу зьяўляюцца Злучаныя Штаты, чый збройны экспарт склаў у 2009 годзе 6 мільярдаў 795 мільёны даляраў, на другім месцы – Расея, якая прадала зброі на 4 мільярды 469 мільёнаў даляраў. З суседзяў Беларусі значныя месцы ў рэйтынгу экспартэраў зброі летась займалі Ўкраіна (214 мільёнаў – 14 месца) і Польшча (93 мільёны – 19 месца).

Дадзеныя SIPRI камэнтуе вайсковы аглядальнік газэты "Беларусы і рынак" Аляксандар Алесін:

“На мой погляд, справа ў састарэлай мэтодыцы, якую ўжывае SIPRI, якая не ўлічвае сучасныя рэаліі – разьвіцьцё ваеннай электронікі і праграмнага забесьпячэньня. Зараз Беларусь усё больш ператвараецца з экспартэра старых савецкіх узбраеньняў у пастаўніка высокатэхналягічных (часам падвойнага прызначэньня) прадуктаў электронікі і праграмных прадуктаў. Найперш гэта тычыцца сыстэм радыёэлектроннай барацьбы, радыёэлектроннай выведкі, аўтаматызаваных сыстэм кіраваньня зброяй і войскамі: гэта СПА, аўтаматызаваныя сыстэмы авіяцыйнага кіраваньня, гэта абароненыя сродкі сувязі. А ў мэтодыцы SIPRI ўлік такіх тэхналёгій не прадугледжаны: яны ўлічваюць стралковую зброю, гарматы, танкі, браніраваныя машыны. Усё гэта Беларусь ужо не пастаўляе.

Тое, што ў нас засталося ад СССР, ужо састарэла, на міжнародным рынку ня мае попыту, да таго ж гэтыя арсэналы ўжо збольшага вычарпаныя.

Некалькі гадоў таму Віктар Шэйман паведаміў, што заключаны кантракт з Вэнэсуэлай на пастаўку ваенных і падвойнага прызначэньня тэхналёгіяў: гэта найперш сродкі СПА, бартавыя сыстэмы стварэньня перашкодаў сыстэмам СПА і навядзеньня ракетаў праціўніка. Паводле Шэймана сума кантракту каля 1 мільярда даляраў. Гэта цэны сусьветнага рынку на зброю такога тыпу.

Беларусь прадае такое абсталяваньне і ў Кітай, і ў Індыю, і ў шэраг арабскіх краін. Мяркую, што дадзены SIPRI па Беларусі ня тое што далёкія, а вельмі далёкія ад рэальнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG