Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія СМІ не выключаюць, што высокія пасады ў аттачэньні прэм’ер-міністра фэдэральнай зямлі Брандэнбург Маціаса Платцэка, займалі расейскія шпіёны. У дзяржаўнай зямельнай канцылярыі ў Патсдаме ніяк не камэнтуюць скандальных публікацыяў.


Як паведамляюць нямецкія СМІ, сам Маціас Платцэк, які добра вядомы ў Беларусі ў сувязі зь неаднаразовымі візытамі ў Менск на чале высокіх урадавых дэлегацыяў з Брандэнбургу, сышоў у адпачынак. Паводле інфармацыйных крыніцаў, ён хоць і не належыць да ліку падазраваных у шпіянажы, аднак знаходзіцца пад цяжкім гнётам гэтай сытуацыі.

Дарэчы, гэта ня першы выпадак, калі колішнія Саветы падставілі адказнага брандэнбурскага чыноўніка. Пяць гадоў таму расейская амбасада ў Бэрліне ўзнагародзіла Маціаса Платцэка ганаровым васьмікутным ордэнам “Пётр Вялікі". Аднак неўзабаве радасьць функцыянэра была азмрочаная гучнай публікацыяй у Berliner Morgenpost. Паведамлялася, што за арганізацыяй, якая ўшаноўвае такімі ўзнагародамі, стаяць расейскія спэцслужбы. Са спасылкай на крыніцы ў нямецкай выведцы паведамлялася, што праз створаную ў 1999 годзе паводле ініцыятывы Уладзіміра Пуціна Маскоўскую акадэмію, на тэрыторыі Нямеччыны пачала дзейнічаць сапраўдная расейская шпіёнская сетка, да якой былі далучаныя колішнія агенты Штазі.

Што да цяперашняга скандалу, зьвязанага з расейскім шпіёнскім сьледам непасрэдна ў апараце Платцэка, то падставай для яго, паводле нямецкіх мэдыяў, стала справаздача зямельнага ўпраўленьня па крымінальных справах у Патсдаме. Зь яе, у прыватнасьці, вынікала, што пару гадоў таму ўнутраная фэдэральная выведка (ведамства па ахове канстытуцыі) дапытала ў гатэлі бэрлінскага аэрапорту Тэгель двух укаранёных у нямецкі камісарыят па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю сьледчых зь Беларусі і Расеі. У часе допыту беларус і расеец прызналіся, што зьяўляюцца афіцэрамі расейскага ГРУ. Агенты пагадзіліся працаваць са сьледзтвам і нібыта выдалі адпаведную інфармацыю. Але ўсе дэталі, якія тычыліся непасрэдна гэтых двух асобаў, былі надалей шчыльна закансьпіраваныя нямецкім бокам.

Як падае нямецкае выданьне Focus, ведамства па ахове канстытуцыі выявіла таксама, што адна з супрацоўніц апарату Платцэка кантактавала з прадстаўніком расейскіх спэцслужбаў, які працаваў у амбасадзе ў Бэрліне. Не выключалася, што яна была завэрбаваная КГБ ў часе яе навучаньня ў Маскве. Паводле інфармацыйнага агенцтва dpa, у канцылярыі Платцэка на гэты конт заявілі, што ня ведаюць пра каго ідзе размова і што яны пачнуць ўласную праверку.

Нямецкія СМІ паведамляюць і пра іншых падазраваных у шпіянажы людзей Платцэка. Адзін зь іх, які займаў высокую дзяржаўную пасаду ў зямельным урадзе, да падзеньня бэрлінскага муру падтрымліваў сувязі з колішняй чэхаславацкай спэцслужбай (StB). У выніку праслухоўваньня ягоных тэлефонных размоваў, якія санкцыянавала ўнутраная нямецкая выведка, высьветлілася, што гэты чалавек меў кантакты з прадстаўнікамі расейскіх спэцслужбаў.

Тым часам фэдэральнае ведамства па ахове канстытуцыі адмовілася камэнтаваць інфармацыю нямецкіх СМІ, паведамляе dpa.

“Мы прынцыпова не даем камэнтароў да падобных паведамленьняў”, заявіў ананімны прадстаўнік гэтай структуры. У канцылярыі Платцэка таксама не даюць камэнтароў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG