Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пікетуюць у абарону Івана Міхайлава


Іван Міхайлаў

Іван Міхайлаў

Мэта акцыі, якая праходзіць на Рынкавай плошчы ў Катавіцах – збор подпісаў за аднаўленьне на вучобе беларускага вязьня сумленьня Івана Міхайлава. Арганізатар пікету - польскі палітык, дэпутат Эўрапарлямэнту Марэк Мігальскі.



Нагадаем, што 10 сакавіка ў выніку ціску міжнароднай грамадзкасьці, акцыяў пратэсту праваабрончых арганізацыяў, у тым ліку, Міжнароднай амністыі, а таксама ініцыяванаму Мігальскім умяшаньню Эўрапарлямэнту ў лёс маладога беларуса, 21-гадовы Іван Міхайлаў быў вызвалены з турмы пасьля трохмесячнага зьняволеньня.

У 2008 вернік абшчыны “Новы запавет” Іван Міхайлаў адмовіўся праходзіць тэрміновую службу ў беларускім войску з прычынаў рэлігійнага перакананьня і папрасіў альтэрнатыўную службу ў адпаведнасьці з артыкулам 57 Канстытуцыі. У гэтым яму было адмоўлена з-за адсутнасьці такой службы ў Беларусі. Летась 15 сьнежня малады чалавек быў арыштаваны, зьмешчаны ў сьледчы ізалятар, а 1 лютага Менскі раённы суд прызнаў яго вінаватым.

Тэрмін зьняволеньня Міхайлава мусіў скончыцца сёлета 15 сакавіка. Аднак 9 сакавіка калегія Менскага абласнога суду вырашыла накіраваць справу на паўторны разгляд, а таксама вызваліць вязьня, зьмяніўшы яму меру ўтрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

Як гаворыцца ў распаўсюджаным сярод жыхароў Катавіцаў звароце, “Іван Міхайлаў атрымліваў юрыдычную адукацыю. З-за арышту ён ня меў магчымасьці здаваць экзамэнацыйную сэсію і быў адлічаны з навучальнай установы. Іван працаваў і сам плаціў за сваё навучаньне, таксама дапамагаў сваёй сям'і”.

Палякі выступаюць за аднаўленьне Міхайлава на вучобе. Выпадак з 21-гадовым беларусам эўрапарлямэнтар Марэк Мігальскі называе “шакуючым” прыкладам рэпрэсіяў беларускіх уладаў супраць грамадзянаў Беларусі і парушэньня правоў чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG