Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка ў ізалятары не атрымлівае лістоў ад сваякоў


Чаму Андрэй Бандарэнка пасьля суду не атрымлівае лістоў ад сваякоў і знаёмых? Мікалай Аўтуховіч заявіў на працэсе пра ціск на яго з боку сьледчых. Спатканьне вязьня Магілёўскай калёніі Арцёма Дубскага з маці зноў адкладаецца на тыдзень.


Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году
Мінула болей за два тыдні, як Першамайскі суд Менску асудзіў прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку да 6 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы яго вінаватым ў крадзяжы праз махлярства. Асуджаны прадпрымальнік адразу заявіў пра намер падаць скаргу на прысуд у Менскі гарадзкі суд. Да разгляду скаргі Андрэя Бандарэнку трымаюць у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Сваякі асуджанага непакояцца, што сувязь з Андрэем дзейнічае аднабакова. Вось што “Свабодзе” паведаміла сястра зьняволенага Ірына Бандарэнка.

“Нічога новага ня ведаю. Сёньня хацела сустрэцца з адвакатам, але ён быў заняты. Ведаю дакладна, што ад яго лісты чамусьці не даходзяць.”

Раней Андрэя Бандарэнку ў ізалятары наведваў бацька, Валер Бандарэнка.

“Сын знаходзіцца ў камэры памерам прыкладна 20 квадратных мэтраў. Усяго там 30 вязьняў, сьпяць яны на ложках па чарзе, у камэры ўвесь час вельмі накурана”, -- паведамляў Валер Бандарэнка.

Нагадаем, да другога судовага працэсу, які адбыўся 23 лютага, Андрэя Бандарэнку ўтрымлівалі ў Бабруйскай калёніі, прычым двойчы вязьня каралі зьмяшчэньнем ў ізалятар нібыта за парушэньні ўнутранага парадку. Між тым, як казаў сам Андрэй Бандарэнка, прычынай пакараньня была ягоная адмова выконваць працы па ўборцы, паколькі вязень не лічыў сябе асуджаным.

“Фармальна на той момант Андрэй Бандарэнка сапраўды не лічыўся асуджаным, бо да разгляду касацыйнай скаргі прысуд не ўступае ў дзеяньне”, -- тлумачыў адвакат Зьміцер Лаеўскі. Чаму цяпер да Андрэя Бандарэнкі не даходзяць лісты, ягоныя сваякі ня ведаюць, але не выключаюць, што яго зноў за нешта пакаралі.

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дома міліцыянта
На гэтым тыдні пачаўся працэс над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам і яшчэ двума іх нібыта саўдзельнікамі – былым міліцыянтам Міхаілам Казловым і былым супрацоўнікам фірмы “Ніка-транс” Аляксандрам Ларыным. Аўтуховіча, Асіпенку і Ларына падазраюць у падрыхтоўцы тэракту.

Мікалай Аўтуховіч ў судзе ужо заявіў, што сьледчыя прымушалі яго агаварыць сябе, а таксама ціснулі на Ўладзімера Асіпенку і Юрыя Лявонава, каб тыя далі паказаньні аб ягонай вінаватасьці.

“Мне таксама вядома, што на Лявонава, калі ён быў у ізалятары, ўвесь час ціснулі. Яму пагражалі турэмным тэрмінам, калі не дасьць паказаньні на Аўтуховіча. Таксама з матэрыялаў справы бачна, як міліцыянты “апрацоўвалі” Ўладзімера Асіпенку, даючы яму зразумець, што яны хочуць пачуць аргумэнты супраць Аўтуховіча”.

Мікалай Аўтуховіч хадайнічаў аб дадатковым часе на разгляд матэрыялаў справы, а таксама прасіў суд перадаць справу ў ніжэйшую інстанцыю – Менскі гарадзкі ці Гарадзенскі абласны суд. У выніку першае хадайніцтва было задаволенае, а другое – не. Вось як пракамэнтаваў гэта праваабаронца Алег Воўчак, які прысутнічаў на працэсе.

“Лічу, што судзьдзі мелі права, калі прымалі справу для разгляду ў Вярхоўны суд, накіраваць яе ніжэй, у Менскі гарадзкі ці лепей ў суд Гарадзенскай вобласьці, дзе ўсё адбывалася. Там бы справу разглядалі тры судзьдзі, а тут адзін, і там бы магчыма было абскардзіць, а тут – апошняя інстанцыя, прысуд адразу ўступае ў дзеяньні”.

Працэс аднавіцца 16 сакавіка.

Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
Адвакатам Уладзімера Асіпенкі выступае Тамара Сідарэнка, якая 7 месяцаў таму абараняла на судзе актывіста Маладога фронту Арцёма Дубскага. Арцём цяпер адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі.

Вядома, што ён чакаў прыезду ў калёнію на спатканьне маці і адваката Сідарэнкі, але паездку давялося адкласьці з-за занятасьці адваката на працэсе ў Вярхоўным судзе. Пра гэта паведаміла маці вязьня Алена Дубская. Жанчына спадзяецца, што спатканьне ўдасца арганізаваць на будучым тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG