Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


СЬНЕГ, З ПРАЯСЬНЕНЬНЯМІ...


Уначы -3 – -12, удзень -5 – +2.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Цэнтар этнакасмалёгіі “Kryŭja” запрашае на прэзэнтацыю альманаху “Druvis”. У прэзэнтацыі возьмуць удзел філёзаф Аляксей Дзермант і этнакультуроляг, музыка Тодар Кашкурэвіч (13 сакавіка, Магілёў, чытальная заля Магілёўскай гарадзкой бібліятэкі, 15.00).

Фэстываль аматараў японскай культуры “Гансэн – 2010” (13 – 14 сакавіка, Менск, Дом культуры МТЗ).

Моладзевая ініцыятыва “StudAlliance” запрашае на канцэрт жывой клясычнай музыкі, прысьвечаны 190-годзьдзю Станіслава Манюшкі (14 сакавіка, Вільня, Лютэранская кірха, вул. Vokiečių / Нямецкая, д.20).


ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


14 сакавіка – візыт высокай прадстаўніцы Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан у Каір. Галоўная тэма перамоваў – блізкаўсходняе ўрэгуляваньне.

14 сакавіка – у Францыі праходзяць мясцовыя муніцыпальныя выбары.

14 сакавіка – прафсаюзы ў Румыніі пачынаюць сэрыю вясновых пратэстаў з патрабаваньнямі да ўраду падвысіць заробкі і палепшыць умовы працы.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


14 сакавіка – Міжнародны дзень ліку “Пі”. Упершыню гэтае незвычайнае сьвята было адзначанае ў 1988 годзе ў навукова-папулярным музэі “Эксплараторыюм” у Сан-Францыска.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


13 сакавіка 1820 году расейскі імпэратар Аляксандар І выдаў загад выслаць з Расейскай імпэрыі ўсіх езуітаў і закрыць іхныя калегіюмы, школы і кляштары. Такім чынам на беларускіх землях, што ў канцы XVIII стагодзьдзя былі далучаныя да Расеі, зьнішчалася традыцыйная сыстэма адукацыі – ад пачатковай да вышэйшай школы, якая была створаная менавіта ордэнам езуітаў.

13 сакавіка 1881 году ўраджэнец Клічаўскага павету Ігнат Грынявіцкі забіў бомбай расейскага імпэратара Аляксандра ІІ. Прысуд цару вынесла арганізацыя “Народная воля”.

13 сакавіка 1938 году ў СССР прынялі пастанову “Аб абавязковым вывучэньні расейскай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласьцей”. Такім чынам замацоўвалася паноўнае становішча расейскае мовы для ўсіх народаў СССР.

14 сакавіка 1879 году нарадзіўся славуты фізык Альбэрт Айнштайн. У 1921 годзе Айнштайн быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй.

14 сакавіка 1883 году ў Лёндане памёр філёзаф Карл Маркс.

14 сакавіка 1895 году ў Плябанцах пад Менскам нарадзіўся беларускі архітэктар Іван Валадзько.

14 сакавіка 1943 году пакінуў гэты сьвет прэзыдэнт БНР Васіль Захарка. Прэзыдэнтам ён стаў ужо ў эміграцыі, у Празе, дзе і памёр.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “БРСМ: “Гавары са мной па-беларуску”

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


“Чалавек пачынае жыць адно тады, калі яму ўдаецца перасягнуць самога сябе” – Альбэрт Айнштайн.
XS
SM
MD
LG