Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра сацыяльныя сеткі зараз ня піша толькі лянівы. А ў саміх сацыяльных сетках ня піша, хіба, яшчэ лянівейшы, альбо зусім далёкі ад інтэрнэту чалавек. Што таксама здараецца. Але той, хто больш-менш рэгулярна “лазіць у нэт”, у той ці іншай ступені апынуўся на ігле ці, дакладней, на вастрыні мышынага курсора гэтай інтэлектуальнай чумы.


Чумы ня ў сэнсе, што яно кепска, а ў сэнсе заразнасьці ды ўсеабдымнасьці ў маштабах усяго чалавецтва. Калі раней сакратаркі, мэнэджэры сярэдняй ды малой рукі і нават сыстэмныя адміністратары бавілі час стандартным лэдзі-джэнтльмэнскім наборам, пачынючы ад “сапёра” і заканчваючы сеткавым мачылавам у нешта DOOMамападобнае, то зараз карпаратыўныя працадні марнуюцца на сядзеньне ў “Аднаклясьніках” ды іншых фэйсбуках. Зрэшты, тэрмін марнаваньне часу мо і не зусім карэктны, бо як напісана на папулярнай сярод “офіснага плянктону” – асноўнага спажыўца сацыяльна-сеткавых паслугаў – футболцы, “працоўны дзень скарачае жыцьцё на 8 гадзінаў”.



Таму імаверна, што сацыяльныя сеткі як раз апраўдваюць сваю назву некаторай кампэнсацыяй дадатковых “пазычаных” у працадаўцы гадзінаў.

Так ці йнакш, сацыяльная зьява пад адпаведнай назвай існуе ды пераможна крочыць па вэб-плянэце. Зразумеўшы, што змаганьне са стыхіяй – справа марная, перадавыя бізнэс-розумы вырашылі яе прааналізаваць, зацугляць ды выкарыстаць у якасьці яшчэ аднаго інструмэнту эксплюатацыі працоўных.

Асабліва расстараліся спэцыялісты аналітычнай кампаніі Gartner, што звычайна займаецца вельмі сур’ёзнымі ды грашовымі справамі. Якія вуснамі свайго віцэ-прэзыдэнта па дасьледчай рабоце Марка Джылбэрта заявілі: "За мінулы год у адносінах да сацыяльнага ПЗ адбылося многае. Паўсюднае выкарыстаньне такіх сыстэмаў, як Twitter і Facebook, завяршылася сур'ёзным дыялёгам паміж прадпрыемствамі па пытаньнях забесьпячэньня бізнэсу сацыяльнымі праграмнымі сродкамі". А затым і прапанавалі некалькі прагнозаў адносна сацыяльнага праграмнага забесьпячэньня на гады наперад:

Да 2014 году для 20% бізнэс-карыстальнікаў галоўным сродкам зносін стануць сацыяльныя сеткі


Вялікая даступнасьць паслуг сацыяльных сетак прывядзе да таго, што 20% карыстальнікаў паставяць іх на чале бізнэс-камунікацый. На працягу некалькіх наступных гадоў большасьць кампаній будзе разьвіваць унутраныя сацыяльныя сеткі і / ці дазваляць выкарыстоўваць у бізнэс-мэтах асабістыя акаунты ў сацыяльных сетках. Падобныя сеткі апынуцца больш эфэктыўнымі, чым электронная пошта для некаторых відаў бізнэс-дзейнасьці.
Жорсткае разьмежаваньне паміж электроннай поштай і сацыяльнымі сеткамі паступова зьнікне.


"Жорсткае разьмежаваньне паміж электроннай поштай і сацыяльнымі сеткамі паступова зьнікне. Электронная пошта прыме на сябе мноства сацыяльных характарыстык, напрыклад, пасярэдніцтва паміж кантактнымі асобамі, у той час як сацыяльныя сеткі будуць разьвіваць існыя магчымасьці электроннай пошты, – лічыць Мэт Кэйн, віцэ-прэзыдэнт Gartner. – Нягледзячы на тое, што электронная пошта амаль цалкам укаранілася ў карпаратыўны асяродак, чакаецца, што продаж паслугаў сацыяльных сетак на аснове воблачных вылічэньняў рэзка ўзрасьце ".

Да 2012 году больш за 50% арганізацый будуць выкарыстоўваць мікраблогі


У прыватнасьці, шалёная папулярнасьць мікраблогаў Twitter прывяла да таго, што многія арганізацыі спрабуюць знайсьці свой "карпаратыўны Twitter", які забясьпечыў бы функцыянальнасьць мікраблогу, а таксама ўтрымліваў бы вялікую колькасьць элемэнтаў бясьпекі і кантролю для падтрымкі ўнутранага карыстаньня паміж супрацоўнікамі. Карпаратыўныя карыстальнікі шмат у чым хочуць выкарыстоўваць мікраблогі ў тых жа самых мэтах, то бок для хуткага абмену інфармацыяй паміж карыстальнікамі, каб быць у курсе таго, чым займаюцца калегі, для атрыманьня неадкладнага адказу на пытаньне і г.д.

Праз пяць гадоў 70% праграмаў для камунікацый будуць зьмяняць аблічча пасьля вывучэньня карыстальніцкага вопыту па прымяненьні падобнага ПЗ у смартфонах


Паколькі колькасьць тэлефонаў у сьвеце набліжаецца да трох мільярдаў, у Gartner лічаць, што канчатковыя карыстальнікі стануць праводзіць больш часу за вывучэньнем працоўных інструмэнтаў менавіта на мабільных прыладах. Для пэўнай часткі карыстальнікаў яны стануць першымі або адзінымі праграмамі для працы.

Да 2015 году 25% кампаній будуць рэгулярна ўжываць аналіз сацыяльных сетак для паляпшэньня якасьці і прадукцыйнасьці свае працы


Gartner падкрэсьлівае, што аналіз сацыяльных сетак – гэта карысная мэтодыка вывучэньня мадэляў узаемадзеяньня і інфармацыйных патокаў, якія адбываюцца паміж людзьмі і групамі ў арганізацыі, а таксама сярод бізнэс-партнэраў і кліентаў. Тым ня менш, калі для збору даных праводзяцца апытаньні, карыстальнікі часта рэспандэнтаў з вялікай неахвотай даюць правільныя і дакладныя адказы.

Чакайце, чакайце... Гаворачы нармалёвай чалавечай мовай, офісны плянктон будзе супраціўляцца пераўтварэньню любых ім “Аднаклясьнікаў” у нялюбую (мякка кажучы) прыладу для іх больш эфэктыўнай эксплюатацыі.
Gartner рэкамэндуюць загадзя пераканацца, што ў людзей, якіх кампанія зьбіраецца ўключыць у апытаньне, яна выклікаюць давер.


Так і ёсьць:

Перад правядзеньнем аналізу сацыяльных сетак экспэрты Gartner рэкамэндуюць загадзя пераканацца, што ў людзей, якіх кампанія зьбіраецца ўключыць у апытаньне, яна выклікаюць давер: “Папярэдняе складаньне базавых правілаў будзе садзейнічаць больш адкрытаму і сумленнаму ўдзелу супрацоўнікаў у правядзеньні аналізу і зьнізіць працэнт супраціўляльнасьці маніторынгу існуючых узаемаадносін”.

Ды гэта ж непрыхаванае НЛП (ня былтаць з НЛА). Карацей кажучы, хавайцеся ў бульбу, спадары блогеры! Вялікі дзядзька з тоўстым кашальком ужо чакае на вас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG