Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Падпісваецеся за апазыцыянэра? Ня будзе для вас ні дроў, ні сена, ні саломы…”


На вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў застаюцца тры дні. Ад 15-га сакавіка выбарчыя камісіі пачнуць праверку дакумэнтаў, якія здалі прэтэндэнты на кандыдацтва.

Пра апошнія падзеі і здарэньні на гэтым этапе выбачай кампаніі паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

САЛІГОРСК


На ўвесь Салігорск — адзін прэтэндэнт ад апазыцыі

У Салігорску ад апазыцыі у кандыдаты вылучаецца толькі адзін прадстаўнік ад апазыцыі. Гэта — сябра «Маладога фронту» і Беларускага Хэльсынскага камітэту Аляксей Валабуеў. Ён працуе інжынэрам у будаўнічай арганізацыі. Паводле ягоных слоў, у групе падтрымкі — уся сям’я вядомых дэмакратычных актывістаў Шылаў: Уладзімер, Сьвятлана, Ільля і Іван. Кажа Аляксей Валабуеў:

«Зараз усё ж такі нейкія мінімальныя шанцы патрапіць у гарадзкі савет ёсьць. Але ж мы рэальна глядзім на сытуацыю. І сёньня ў нас больш працы на будучыню, бо ў нас каманда маладая і мы імкнёмся адпрацаваць так, як належыць. Каб, калі будзе рэальны шанец, то не ўпусьціць яго».

Аляксей Валабуеў у час збору подпісаў разам са старэйшым Уладзімерам Шылам.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Партыі вылучаюць прэтэндэнтаў

На Магілёўшчыне Аб’яднаная грамадзянская партыя й партыя левых «Справядлівы сьвет» маюць свае зарэгістраваныя абласныя арганізацыі і карыстаюцца гэтым для вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Паведамляе Андрэй Белагубаў.

Мікалай Расюк
Прафсаюзны актывіст, будаўнік з шматгадовым стажам Мікалай Расюк балятуецца ў гарсавет ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ад 8 сакавіка ён беспрацоўны. Адміністрацыя трэсту «Лаўсанбуд» не падоўжыла зь ім кантракту. Сам ён сьцьвярджае: беспрацоўным стаў таму, што змагаўся за правы працоўных. Бараніць гэтыя правы ён зьбіраецца й на выбарах:

«Мы ведаем, у якім грамадзтве мы жывём. У нас няма выбараў, няма дэмакратыі, няма свабоды, няма правоў чалавека. Я лічу сваім абавязкам ісьці на выбары, каб сказаць пра гэтыя праблемы».

Мікалай Расюк супраць байкатаваньня выбараў, але калі дэмакратычныя сілы прымуць такое рашэньне, то ён яму падпарадкуецца.

Сацыял-дэмакраты працягваюць змаганьне

Аляксей Падбярэскі
Актывіст Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксей Падбярэскі зьбіраецца балятавацца ў гарсавет. Цяпер ён зьбірае подпісы выбарцаў у сваю падтрымку. У справядлівасьць выбраў ня верыць, аднак заяўляе, што зь людзьмі трэба гаварыць, каб быў шанец перамагчы ў будучыні.

«Сацыял-дэмакратыя — гэта ідэалы простых людзей. Вось ім зараз дрэнна. Ім трэба дапамагаць. Трэба гаварыць, што п’янства навокал. Мы губляем нацыю, людзі сьпіваюцца. Пра жыльлёвае будаўніцтва. Я абсалютна супраць шматпавярховых дамоў. Людзі павінны жыць у сваіх уласных дамах. А калі яны пабудуюць свой дом, то яны будуць даражыць гэтым і ставіцца да яго будуць інакш».

На Магілёўшчыне 32 апазыцыйныя партыйцы намагаюцца атрымаць статус кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў. Зь іх чацьвёра ад партыі «Справядлівы сьвет» і сямёра ад АГП.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Біце палкамі гэтага вылучэнца ад АГП!»

І раней «Свабода» агучвала скаргі пра прыдзірлівае стаўленьне мясцовых чыноўнікаў да вылучэнцаў апазыцыі. Але тое, што адбываецца цяпер у вёсцы Лакно Гарадзенскага раёну, выбіваецца нават з гэтага фону. Расказвае вылучэнец на кандыдата ў дэпутаты Азёрскага сельсавету Кірыл Семянчук:

«Чыноўнікі прыехалі да жыхароў вёскі Лакно і заявілі тым, хто аддаў свой подпіс за вылучэньне мяне ў дэпутаты сельсавету: «Ня будзе для вас дроў, сена й саломы. Нічога ня будзе. Таму, калі гэты чалавек з АГП прыйдзе да вас, біце яго палкамі!»

Спрабую спраўдзіць сытуацыю ва ўчастковай камісіі. Гутару з жанчынай, але яна просіць не агучваць імя. Адчуваецца, што ведае факты ціску. Але сама ня кажа дрэннага пра спадара Семянчука:

«Ён прынёс неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі. Будзе адпаведнае паседжаньне камісіі, і тады вырашым, ці быць яму кандыдатам».

Па маёй просьбе жанчына ўдакладняе, хто супернік у Кірылы Семянчука:

«Цяперашні старшыня нашага Азёрскага сельсавету Ўладзімер Іванавіч Солтан…»

Кірылу Семянчуку — 31 год. З жонкай і дзіцем ён жыве ў вёсцы Лакно. Добра ведае яе праблемы і вылучаецца на кандыдата ў дэпутаты, каб хаця б трохі паспрыяць зьменам на лепшае. Кірыл кажа:

«Пра нашу вёску памятае хіба толькі Бог. А ўсе чыноўнікі — забылі. Тут усяго дзьве вуліцы, і па тых ні прайсьці, ні праехаць. У дождж нават хуткая дапамога спыняецца на ўезьдзе…»
XS
SM
MD
LG