Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка вібрыруе, бо ня хоча патануць у Мытным саюзе”


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што не выключае правалу Мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам. Ён папярэдзіў віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, што беларускі бок ні ў якім разе не павінен «ні падмануць партнэраў, ні паступіцца ўласнымі інтарэсамі». Маўляў, трэба вызначыцца цяпер, бо, калі гэты працэс стане незваротным, «ужо будзе позна змагацца за ўласныя інтарэсы». Чым выкліканыя падобныя заявы?

Мытны саюз асуджаны на правал, калі ўжо на гэтым этапе «пачнём уносіць папраўкі, выключэньні, якія супярэчаць працэсам, прыдумляць нейкую асаблівую мадэль». Маўляў, Беларусь пагаджалася на клясычны Мытны саюз. «Калі пачнуць рабіць агаворкі і адбіраць нафту, нафтапрадукты, газ, цукар, малако, масла, мяса, пшаніцу і гэтак далей», то такі Мытны саюз, паводле Аялксандра Лукашэнкі, не патрэбны. Прэсавы сакратар адказнага сакратара Камісіі Мытнага саюзу Сяргея Глазьева Сяргей Ткачук сказаў:

«Усе інтарэсы будуць улічаны, і праца ў гэтым кірунку вядзецца. Вельмі складаная, вельмі цяжкая, але ў правільным кірунку. Таму Глазьеў у гэтай сытуацыі нічога камэнтаваць ня будзе. Тым больш выказваньні кіраўніка краіны, якая ўваходзіць у Мытны саюз».

Адносна «агаворак і адбіраньня нафты, нафтапрадуктаў» і гэтак далей спадар Ткачук сказаў:

«Гэта іншае пытаньне. Гэта пытаньне, якое адносіцца да двухбаковых стасункаў Расеі і Беларусі».

Леанід З
Ці азначае расчараваньне Аляксандра Лукашэнкі ў новым інтэграцыйным праекце, што Беларусь можа выйсьці з Мытнага саюзу? Эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў:

«Усе ведаюць, што ідзе барацьба за цэны на энэрганосьбіты ў рамках Мытнага саюзу. Гэта галоўнае пытаньне, вельмі балючае для нашага кіраўніцтва. І яно ніяк не вырашаецца. Таму пагрозы выйсьці з гэтага Мытнага саюзу могуць разглядацца як спробы націснуць на Расею. А па-другое, ня выключаны варыянт, што насамрэч Беларусь можа не ўступіць у гэты саюз. Але гэта малаверагодна, бо гэта ў значнай ступені пагражае эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Бо калі мы выйдзем з Мытнага саюзу, то расейскім фірмам давядзецца плаціць мыта ў расейскую казну пры ўвозе беларускіх тавараў у Расею. Гэта азначае, што канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў у Расеі значна зьменшыцца. Таму пагрозы Лукашэнкі пакуль можна разглядаць як псыхалягічны ціск на расейскія ўлады».

Леанід Заіка
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, хвалі абурэньня Лукашэнкі чаканыя. Бо Мытны саюз «тройкі» зроблены пасьпешліва, «усе прапановы аб стварэньні гэтага саюзу паходзяць з Крамля, і яны праваленыя».

«Сумневаў вельмі шмат. Чаму? Бо Беларусь тады страчвае ўсе шанцы весьці свой дыялёг з Эўразьвязам. А ЭЗ падкідае цікавыя прапановы. Сама сыстэма „Ўсходняга партнэрства“ прадугледжвае паступовае ўваходжаньне ў ЭЗ. І гэта шанец. Калі ж Беларусь становіцца сябрам гэтай „тройкі“, то яна практычна выпадае з дыялёгу, гэтай мадэлі паступовага ўваходжаньня ў ЭЗ. І таму Лукашэнка вібрыруе, у яго ўвесь час ідуць пасылы і туды, і туды. Яму ня хочацца патануць у гэтым Мытным саюзе. Калі б адпачатку, у студзені Беларусь атрымала расейскія газавыя тарыфы і як падарунак атрымала танную расейскую нафту, то тады Лукашэнка быў бы адназначна прыхільнікам гэтага саюзу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG