Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя яшчэ ня вызначылася, ці ўдзельнічаць у такіх выбарах


Прэсавая канфэрэнцыя БХД.

Прэсавая канфэрэнцыя БХД.

Партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі вырашыць, ці ёсьць сэнс яе актывістам працягваць удзел у выбарчай кампаніі, 27 сакавіка. Менавіта на гэты дзень прызначана паседжаньне Нацыянальнай рады дагэтуль афіцыйна не зарэгістраванай партыі. Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня БХД Павал Севярынец. Ня прынялі яшчэ рашэньня наконт далейшага ўдзелу ў выбарах і іншыя апазыцыйныя арганізацыі.

Павал Севярынец заявіў, што БХД вылучыла ў якасьці патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты мясцовых саветаў больш за 200 чалавек:

“Вось ужо другі тыдзень я ў рэгіёнах — зьбіраю подпісы ў ініцыятыўных групах за нашых кандыдатаў у дэпутаты. Бачу сытуацыю знутры. І магу пэўна сьцьвярджаць: ніякімі свабоднымі выбарамі ў Беларусі і ня пахне. Кожны другі з нашых кандыдатаў ужо сутыкнуўся з фактамі ціску альбо рэпрэсіяў, ужо пачуў пагрозу з патрабаваньнем выбіраць — альбо здымацца з выбараў, альбо застацца бяз працы ці вучобы”.



Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Берасьцейскага абласнога і Баранавіцкага гарадзкога саветаў Аляксандар Кабяк сказаў на прэсавай канфэрэнцыі, што з-за свайго жаданьня стаць дэпутатам пазбавіўся працоўнага месца:

“Як толькі я падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, мне адразу патэлефанавалі з працы і паставілі перад фактам звальненьня”.

Пра розныя факты ціску казалі таксама Ўладзімер Качагур, Вячаслаў Шэлег, Пётра Маланачкін, Тамара Зайцава ды іншыя. Падсумаваў іх выступы Павал Севярынец:

“Думаю, што фактамі, якія вы пачулі, рэжым не абмяжуецца. Таму 27 сакавіка пройдзе пазачарговае паседжаньне Нацыянальнай рады БХД, дзе мы будзем вырашаць пытаньне — у сувязі з такім ціскам ці працягваць кампанію, ці кандыдатам здымацца?”

А што думаюць наконт далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі іншыя суб’екты апазыцыі? Сустаршыня Палітрады АДС, кіраўнік БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч адказаў “Свабодзе”:

“Кааліцыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, я ў гэтым перакананы, будзе прымаць кансалідаванае рашэньне. Не такім чынам, што кожны суб’ект прыме сваё рашэньне і так будзе крочыць”.

А Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні руху “За свабоду”, які ўваходзіць у Беларускі незалежніцкі блёк, адказвае так:

“Пазыцыя руху наступная — мы вылучаем перадусім тых кандыдатаў, якія вядомыя ў сваіх акругах, маюць кантакт з выбарцамі і адпаведна могуць разьлічваць на посьпех. Таму адпачатку ставілася задача — удзельнічаць у выбарчай кампаніі да дня галасаваньня і разьлічваць на перамогу. Такой жа пазыцыі прытрымліваюцца і шэраг іншых арганізацый, якія ўваходзяць у Беларускі незалежніцкі блёк.

У той жа час частка арганізацый БНБ абрала трохі іншую тактыку — яны ставяць за мэту навучыць сваіх новых актывістаў тэхналёгіям выбарчых кампаніяў. Яны зрабілі стаўку на масавасьць. Таму, натуральна, для такіх арганізацый адным з варыянтаў можа разглядацца і зьняцьцё іх кандыдатаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG