Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўца адлічваюць з унівэрсытэту


Станіслаў Рамановіч.
Станіслаў Рамановіч.

Лідэра магілёўскай суполкі незарэгістраванай у Беларусі няўрадавай арганізацыі “Малады фронт” непаўналетняга Станіслава Рамановіча адлічваюць зь Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Хлопец адвучыўся на факультэце эканомікі й права толькі паўгода. Ён цьвердзіць, што прычынаю адлічэньня сталася яго грамадзкая дзейнасьць. У рэктараце ўнівэрсытэту сьцьвярджаюць, што студэнт Рамановіч дрэнна вучыўся.


Станіслава Рамановіча
абралі на кіраўніка суполкі сёлета — 6 студзеня. Праз тыдзень, цьвердзіць маладафронтавец, да яго ва ўнівэрсытэт прыйшлі двое супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

“Падчас іспытаў патэлефанавала мне дэкан і папрасіла зайсьці да сябе ў кабінэт. Там ужо чакалі мяне супрацоўнікі. Адзін прадставіўся Алегам Ігаравічам. Ён прапанаваў мне, каб я “зьліваў” інфармацыю адносна сувязяў Магілёў — Менск і пра ўнутраную абстаноўку ў калектыве нашым у Магілёве. За супрацоўніцтва прапаноўваў дапамогу па вучобе. За адмову ж прыгразіў, што будуць праблемы. Ён мне потым тэлефанаваў цягам тыдня, але я не здымаў слухаўкі”, — зазначае Станіслаў Рамановіч.

Пра гутарку з супрацоўнікамі КДБ хлопец не паведамляў, баючыся, што адлічаць з унівэрсытэту. Праблемаў, аднак, пазьбегнуць не ўдалося. Яны пачаліся са здачай экзамэну па матэматыцы. Станіслаў пераздаваў яе двойчы, і двойчы яму ставілі нездавальняючыя адзнакі. Ён прызнае, што з матэматыкай заўжды меў праблемы. Аднак ня толькі ён адзін, заяўляе актывіст.

“Мае аднагрупнікі не здавалі па два іспыты, і ім давалі па дзьве камісіі. А я хадзіў біўся — зачыняюць дзьверы, і ўсё. Рэктар сказала, што мы будзем рыхтаваць дакумэнты на адлічэньне. Я лічу, што ўсе праблемы з-за таго, што я займаюся грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. Я гэтага ні ад кога не хаваў. Нейкія кампаніі я мог праводзіць проста ва ўнівэрсытэце. Зразумела, што ў кожнай групе ёсьць “вушы” свае, якія ўсё даносяць”.

У рэктараце прызнаюць, што рыхтуюць дакумэнты на адлічэньне студэнта Рамановіча. Прызнаюць і іншае:

“Так, прыходзілі работнікі, зь ім размаўлялі, але я спэцыяльна трымаю яго адказ па матэматыцы і хачу вам сказаць, што непісьменнасьць і адсутнасьць матэматычнай культуры зьяўляецца падставай. А мне ўсё роўна, які ў яго палітычны настрой. Пытаньне тут толькі ў недастатковай школьнай падрыхтоўцы”, — тлумачыць пазыцыю рэктарату дэкан факультэту Ала Сазонава.

Спадарыня Сазонава кажа, што багата студэнтаў факультэту па спэцыялізацыі “Сацыялёгія”, якую якраз вывучае Станіслаў, маюць праблемы з матэматыкай.

Што да самога Станіслава Рамановіча, то ён заяўляе, што будзе змагацца, пакуль магчыма, за месца ва ўнівэрсытэце. Калі адлічаць, то будзе паступаць на іншы факультэт. Грамадзкую дзейнасьць кідаць не зьбіраецца. Не разглядае магчымасьці й навучаньня за мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG