Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгірдас Бразаўскас: чалавек і эпоха


На экраны ў Літве выйшаў дакумэнтальны фільм аб першым прэзыдэнце незалежнай рэспублікі "Альгірдас Бразаўскас. Сведчаньне". Фільм ахоплівае ня толькі асабісты жыцьцёвы шлях аднаго з самых вядомых літоўскіх палітыкаў, але і ўсю "эпоху Бразаўскаса", як называюць у Літве складаны час пераходу краіны з савецкай прасторы ў эўрапейскую.


Больш за сорак гадоў Бразаўскас займаў высокія дзяржаўныя пасады, ад функцыянера Кампартыі да рэфарматара, які прывёў Літву ў Эўразьвяз і НАТО. Пры гэтым, паводле сведчаньняў калегаў, палітык захаваў чалавечнасьць, высакароднасьць, уменьне чуць іншых. Аб працы над фільмам, які стаў першай такога абагульняючага роду літоўскай карцінай аб Бразаўскасе, расказваюць яго стваральнікі журналісткі Рамунэ Сакалаўскайце і Эдыта Мілдажыце:

(Мілдажыце: ) “Нам пашанцавала зьняць такія рэчы, якія не здымаліся раней. Стан здароўя г-на Бразаўскаса не дазваляў нам прытрымлівацца нейкага асаблівага сцэнару, мы проста ішлі па ягоных сьлядах”.

(Сакалаўскайце: ) “Мне заўсёды падабалася, як ён размаўляе з людзьмі, у ім адчуваецца чалавечая цеплыня і клопат пра тых, хто побач, і ня важна, хто гэта – шафёр, кухар або журналісты. Рэгаліі яму наогул не важныя”.

У фільме пра Бразаўскаса распавядаюць і яго замежныя партнэры – Бжэзіньскі, Квасьнеўскі, і літоўскія. Даўняя калега Бразаўскаса, прэм'ер першага ўраду незалежнай Літвы Казіміра Прунскэнэ адзначае, што з ім вельмі лёгка працавалася:
Можа, яму часам не хапала рашучасьці.


"Можа, яму часам не хапала рашучасьці, але ў той перыяд гісторыі Літвы быў патрэбны менавіта такі чалавек. Што тычыцца самога фільма, то мне здаецца, у ім не хапае голасу Гарбачова. Я спрабавала сама дамовіцца, напісала яму ліст, але, на жаль, ён не захацеў ўдзельнічаць у здымках".

Зараз 77-гадовы Альгірдас Бразаўскас змагаецца з цяжкай хваробай, аднак усе, хто працаваў над фільмам, адзначаюць, што ён чалавек вельмі валявы, і калі сказаў "Прыязджайце, будзем здымацца", то апранаецца, голіцца і чакае здымачную групу. У фільме даволі ясна бачна, што ў адзін са здымачных дзён ён адчуваў сябе вельмі дрэнна. Пасля здымак Бразаўскас накіраваўся ў шпіталь, куды яму прывезьлі копію фільму.

Аўтары карціны ўзгадваюць, як ён слухаў, што ўсе размовы вядуцца толькі аб ім і з раздражнёнасьцю спытаў: "Ну, што вы ўсё аб адным чалавеку кажаце? Што, няма больш людзей?"

Аб маштабе асобы Альгірдаса Бразаўскаса кажа публіцыст Пранас Моркус:
Драму вызначыла адсутнасьць у грамадстве людзей такога ж палітычнага фармату, як ён.


”Яго стомленасць апошніх гадоў, расчараваньне, чаго ўжо тут... Драму вызначыла адсутнасьць у грамадстве людзей такога ж палітычнага фармату, як ён. Усё неяк дробна стала. Запомняцца гады яго першага прэм'ерства і намаганьні выратаваць разваленую эканоміку. І вось яшчэ аднаўленьне княскага замку – сымбаля вялікага княства Літоўскага, сымбаля нашай дзяржаўнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG