Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму паэт Адамовіч, які вяртаўся “назаўсёды”, зноў зьехаў у Нарвэгію?


Юзэфа Чартарыцкая

Юзэфа Чартарыцкая

Паэт Славамір Адамовіч зноў зьехаў у Нарвэгію, не пабыўшы на радзіме пасьля апошняга вяртаньня і паўгоду.


Нагадаем, што дагэтуль, у статусе палітуцекача (па ягонай вэрсіі), або праз атрыманьне гуманітарнага прытулку (на думку іншых) Адамовіч пражыў у гэтай скандынаўскай краіне сем гадоў. Летам мінулага году прыехаў у Беларусь, як тады сьцьвярджаў, “назаўсёды”. Аднак, кажа ягоная маці спадарыня Юзэфа, “пасоўгаўшыся” і не знайшоўшы паразуменьня з былымі калегамі, вырашыў зноў вярнуцца ў Нарвэгію.

У сярэдзіне 1990-х мала хто мог спаборнічаць са Славамірам Адамовічам што да эпатажнасьці. Адзін з заснавальнікаў арганізацыі “Правы рэванш”, у 1996 годзе ён быў арыштаваны за верш “Забі прэзыдэнта” і 10 месяцаў адседзеў у сьледчым ізалятары КДБ. Праз год на мітынгу зашыў сабе рот на знак пратэсту супраць уціску свабоды слова. У 2000-м зьехаў на будоўлі ў ЗША. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ад’ехаў у Нарвэгію. Як казаў сам — на заробкі. Летась, перабіўшыся сем гадоў на чорнай працы, вярнуўся дадому. Спадарыня Юзэфа, маці Славаміра, скардзіцца, што гасьцяваў сын нядоўга. Мабыць, так і ня здолеў вярнуць былы аўтарытэт эпатажнага змагара. 8 сакавіка ў Нарвэгіі адзначыў 48-ы дзень нараджэньня:

“Ну так, зьехаў Славамір зноўку. Ліст ужо адтуль даслаў, а ўчора і пасылку атрымала…”

Карэспандэнт: “Нешта тут не спадабалася? Ці, можа, адвык ужо ад радзімы?”
выходзіць, што тут я ўжо лішні. І адзін амаль заўсёды. ...

“Казаў так: сям-там пахадзіў, паглядзеў і ўбачыў — з кім раней сябраваў, дык тыя ня хочуць асабліва ўжо і размаўляць. То бок выходзіць, што тут я ўжо лішні. І адзін амаль заўсёды. Нейкая моладзь на кватэры ў яго некалькі разоў зьбіралася, праз інтэрнэт пазнаёміліся, а больш ніхто. Таму ўрэшце вырашыў: паеду пагляджу. Можа, летам вярнуся. А можа, і не. Вось так: папутаўся-папутаўся чатыры месяцы, а чым займацца? На працу ў дзяржаўныя органы не бяруць. На будоўлю? Дык, ведаеце, таксама ж ужо адвык ад такой працы за сем гадоў, боўтаючыся за мяжой. Ня ведаю нават, што далей і чакаць”.

Карэспандэнт: “Нейкія сябры, знаёмцы там засталіся? Ці зноў паехаў, што называецца, у “чысты сьвет”?

“Ну, дык за сем гадоў недзе ж зь некім раззнаёміўся. Бо расказваў, што пазнаёміўся з нашым сьпеваком у Нарвэгіі — Аляксандрам (Рыбаком). Ёсьць жа там землякі. Ведаю, што езьдзіў адведваў такога Садоўскага — таксама апазыцыянэр, які зь Беларусі зьехаў…”

Карэспандэнт: “Якія пэрспэктывы ў працы? Зьбіраецца працаўладкоўвацца?”
прымусілі іхнюю мову вывучаць; хадзіў у школу, трохі спрабаваў вучыць. Вядома, нялёгка яму там....

“Там з працай цяжка. Недзе трошкі ўхопіць, а каб на пастаянным месцы — наўрад ці. Ён жа зь першых гадоў яшчэ хацеў, каб дзе ўладкавацца. Але прымусілі іхнюю мову вывучаць; хадзіў у школу, трохі спрабаваў вучыць. Вядома, нялёгка яму там. Ды яшчэ зь ягоным характарам. Ён хоць мой сын, але такі, як сказаць, “востры”.

Карэспандэнт: “Славамір спыніўся ў Осла ці гэта нейкае іншае месца?”

“Не, гэта ён з самага пачатку быў у Осла. А потым перамясьціўся ў мястэчка, па-іхняму называецца Будэ. Гэта за палярным кругам, але там ня зімна. Кажа, як у Беларусі клімат. Вось там ён цяпер знаходзіцца. І адрас той жа, што і раней быў, перад прыездам у Беларусь. У яго з сабой, дарэчы, і ключы ад той кватэры былі. І, ведаеце, нічога ня здарылася! Колькі часу адсутнічаў чалавек, а ніхто нікуды не залез, нічога не ўчыніў. Прыехаў у сваю кватэру і жыве далей”.

Карэспандэнт: “Гэта ўсё ж нейкі лягер ці ён жыве сярод нарвэжцаў?”
пакуль ён лічыцца палітычным, дык нічога за жыльлё сам не аплачвае ...

“Так, там ёсьць і мігранты, і лягер для іх. Ён жа раней жыў, як у нас кажуць, у інтэрнаце. Дык там жылі самыя розныя нацыянальнасьці — і расейцы, і армяне, і грузіны. А ўжо пасьля яму далі кватэру, асобную. І пакуль ён лічыцца палітычным, дык нічога за жыльлё сам не аплачвае. Увогуле ні за што ня плаціць, апроч мэдыцыны, калі што здарыцца. А калі ўжо прыме грамадзянства, то тады давядзецца плаціць за ўсё. А пакуль нават яму плацяць — дапамогу нейкую”.

Карэспандэнт: “Дык што ў лістах піша — акліматызаваўся?”

“Так, сын жа прывык ужо путацца па замежжы. Бо як тут быў, то ўсё скардзіўся — то яму горача, то душна. А там нібыта больш камфортна…”

Адразу пасьля вяртаньня ў Беларусь летась у ліпені на пытаньне Радыё Свабода — ці канчатковае вяртаньне — Славамір Адамовіч адказаў літаральна наступнае: “Так, гэта ўжо канчаткова... Тэрмін за мяжой пражыты немалы, але так, як я жыў, чалавек жыць не павінен. Пэрспэктывы ніякай, дый сем гадоў — дастатковы тэрмін, каб убачыць відавочнае і зрабіць такі крок, які я ўрэшце і зрабіў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG