Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы ўжо ня раз наступалі на граблі з адзіным закулісным кандыдатам на прэзыдэнта”


Падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў і выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, мытны саюз Расеі, Беларусі і Казахстану, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Былы намесьнік міністра замежных спраў, апазыцыйны палітык Андрэй Саньнікаў заявіў, што мае намер вылучыць сваю кандыдатуру на ўдзел у выбарах прэзыдэнта краіны. На тэму выбараў -- наступныя тэлефанаваньні слухачоў:

Станіслаў Халадовіч, Івацэвічы: “Я ўпэўнены, што нам, усім беларусам, ня сорамна будзе за такога чалавека, як Андрэй Саньнікаў. Ён мае права кіраваць нашай дзяржавай пад назвай Беларусь”.

Віктар: “Наконт падрыхтоўкі да выбараў прэзыдэнта — патрэбна як на Ўкраіне: чым больш кандыдатаў, тым больш насельніцтва атрымае інфармацыі. Чым яе дасьць закулісна выбраны прадстаўнік тыпу Мілінкевіча. Ужо наступалі на граблі неаднаразова з адзіным закулісным. Патрэбна мяняць лідэраў у партыях. Ім належыць быць там ня болей за два тэрміны”.

Спадар: “Цалкам згодны з чалавекам, які сказаў, што трэба байкатаваць выбары. Гэта адзіны чыньнік яднаньня людзей — выбаршчыкаў, адзіны. Ні гэтыя дыктоўкі, ані гэты перапіс Бібліі, ані гэтыя кабінэтныя выбрыкі перабудоўшчыкаў ад перабудовы, абвешчанай КПСС — а байкот. Вось што яднае людзей, найбольшую колькасьць людзей, апазыцыйных дадзенай уладзе”.

Выказваньне камэнтуе адзін з сустаршыняў аргкамітэту дзеля заснаваньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі:

“Вельмі многія людзі пад словам “байкот” разумеюць тое, што яны ня пойдуць на выбары. А будуць сядзець дома і піць гарбату. Дык вось, сапраўдны байкот арганізаваць нашмат цяжэй. Для гэтага патрэбна вельмі вялікая актыўнасьць грамадзян. Калі мы сёньня ідзем на выбары, то мы якраз паказваем іх несапраўднасьць. Бо на фактах мы паказваем прыклады рэпрэсій, ціску, фальсыфікацый, парушэньня выбарчага заканадаўства і парушэньня правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь”…

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Уладзімер, Полацак: “Нарэшце наш правадыр заявіў пра магчымы выхад Беларусі з так званага Мытнага саюзу. Расея, перш чым падпісаць гэтыя пагадненьні, раскідала шмат падводных камянёў, аб якія яшчэ шмат Рыгоравіч будзе спатыкацца”.

Спадар: “Усе беды ад фількавых грамат, то бок законаў, загадаў. Бо людзі, якія іх рыхтуюць ня ведаюць пра тое, што падобныя дакумэнты даўно працуюць ў іншых краінах, таму наступаюць на старыя граблі. Наведваньні дэлегацыямі розных мерапрыемстваў як унутры краіны, так і па-за яе межамі – гэта наведваньне выставаў. А каб разабрацца, што ёсьць насамрэч, трэба пабываць сярод простага люду. Калі хочаш даведацца, як жыве народ, то схадзі на базар”.

Зіноўеў: “Я думаю, што вядоўца “Беларускай Атлянтыды” слушна выбраў тэму эўрапейскага лёсу Беларусі, таму што, дзякуючы Лукашэнку, дамоваў пра эўрапейскую інтэграцыю ў Беларусі толькі крышку, а саюзных дамоваў з Расеяй — два вядры. Я думаю, што гэта трэба мяняць”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG