Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі вы робіце прышчэпкі ад грыпу сваім дзецям, то магчыма абараняеце ад хваробы ня толькі іх, але і шмат іншых людзей.

Дасьледаваньне канадзкіх навукоўцаў паказала, што вакцынацыя дзяцей і падлеткаў дапамагае зьменшыць рызыку захварэць на грып нават для тых людзей, якія самі прышчэпкі не рабілі.

Падчас дасьледаваньня ў 2008-2009 гадах дзецям ад 3 да 15 гадоў у некаторых паселішчах на захадзе Канады рабілі прышчэпкі ад грыпу, а ў іншых паселішчах – ад гепатыту А. Высьветлілася, што там, дзе дзецям зрабілі вакцынацыю супраць грыпу, на грып захварэлі 4.5 працэнта дарослых, а там, дзе такой вакцынацыі не было – 10.6 працэнта.

Дасьледчыкі тлумачаць гэта эфэктам так званага "статкавага імунітэту". Марк Лёб, прафэсар канадзкага ўнівэрсытэту Макмастэр, кажа, што калі вакцыны недастаткова для ўсіх, рабіць прышчэпкі трэба найперш дзецям і падлеткам. Ён тлумачыць, што дзеці звычайна даўжэй застаюцца заразьлівымі для іншых, а акрамя таго яны ў школах праводзяць шмат часу ў цесным кантакце зь іншымі дзецьмі, і такім чынам хвароба хутка распаўсюджваецца.

Доктар Марк Зыгель з мэдычнага цэнтру Нью-ёрскага ўнівэстытэту называе вакцынацыю падмуркам агульнага здароўя.

"Яна абараняе ня толькі вас, яна абараняе і ўсіх іншых,"– кажа ён. Зыгель зазначае, што гэта тычыцца ня толькі звычайных сэзонных выпадкаў грыпу, але і пандэміяў, кшталту леташняй хваробы ад вірусу H1N1, гэтак званага сьвінога грыпу.
XS
SM
MD
LG