Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаражны каапэратыў “Завал” апраўдаў сваю назву


У Воршы пачынаецца экспэртная ацэнка маёмасьці, пашкоджанай ад выбуху газавых балёнаў у гаражным каапэратыве з назвай “Завал”. У выніку надзвычайнага здарэньня адзін чалавек атрымаў траўмы і апёкі, зьнішчаныя тры гаражы і два аўтамабілі (яшчэ ў адной машыны праціснуты дах). Некалькі збудаваньняў знаходзяцца ў паўаварыйным стане. Хто кампэнсуе страты за незастрахаваную маёмасьць?


Хто прыдумаў даць таварыству ўласьнікаў гаражоў на вуліцы Касмадзям’янскай у Воршы сумнеўнае імя “Завал”, цяпер наўрад ці хто і памятае. Аднак пры канцы лютага ў выніку моцнага выбуху некалькі збудаваньняў заваліліся ў літаральным сэнсе, пахаваўшы пад сабой ня толькі машыны і складаваную на зіму бульбу, але і маладога чалавека — сына гаспадара гаража, ад якога, паводле прынцыпу даміно, пачалі валіцца і суседнія, прылепленыя адзін да аднаго збудаваньні. Таксама павыбівала шыбы ў суседнім доме, які стаіць менш чым за паўсотню мэтраў ад комплексу. Калі пад раніцу ратавальнікі пачалі разграбаць сьмецьце, то вынесьлі з руінаў шэсьць кіслародных і газавых балёнаў. Каб выбухнулі ўсе — цяжка нават уявіць маштабы патэнцыйнага “завалу”.

Дарэчы, непрытомнага хлопца, якога накрыла ўдарнай хваляй, з агляднай ямы вынесьлі не байцы падразьдзяленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый, а сваякі. Спэцыялісты не рызыкнулі спускацца ў падпольле, асьцерагаючыся новага абвалу. Днямі малады чалавек выпісаўся са шпіталя.

Суседнія сьцены трымаюцца на “чэсным слове”

Гараж, які арандуе Тацяна Аляшчук, суседнічаў з выбухованебясьпечным сховішчам. Сьцяна, абваліўшыся, ператварыла яе машыну ў мэталічны блін. Дый ад самога гаража засталіся толькі вароты:

“У гаспадара гаража дах зваліўся наўпрост на машыну. А гэта, ні многа, ні мала, пяць плітаў перакрыцьця. І вось пад гэты завал “эмчээсьнікі” проста баяліся лезьці, бо ў любы момант магла абрынуцца і наша страха. І, зь іншага боку, таксама людзі пацярпелі, гэта быў іх уласны гараж, дэфармаваны дах машыны. Адна сьцяна цяпер трымаецца толькі за кошт стэляжоў, яна на іх проста ляжыць. Гараж таксама ў аварыйным стане, ім нельга карыстацца”.

Моцны швэдзкі SААB ня вытрымаў праверку балёнамі з прапанам

Аднак кампэнсаваць страты пацярпелым будзе зусім ня проста. Ні машыны, ні збудаваньні не былі застрахаваныя ў добраахвотным парадку ад няшчасных выпадкаў. Абяцаньні гаспадара гаража, дзе, насуперак усім мерам бясьпекі, захоўваліся балёны, пакрыць выдаткі за кошт крэдыту, таксама пакуль ня спраўджваюцца. Працягвае Тацяна Аляшчук:

“Гэта рэальныя страты, нанесеныя нашай асабістай маёмасьці. Пацярпела маёмасьць — мая асабістая, гаспадыні гаража, у якім я ставіла машыну. І мы чакаем ад гаспадара тых балёнаў, людзей, якія нанесьлі нам шкоду, адпаведных дзеяньняў у адносінах да нас — перадусім каб пачынаць кампэнсаваць страты. Дзеяньняў, праўда, ніякіх не адбываецца, таму ўсе ў чаканьні. Сьледчы вынес пастанову аб правядзеньні экспэртызы — і тое, натуральна, пад нашым ціскам. У іншым выпадку ніхто б і не паварушыўся. Таму што заяву з нас ня бралі, а ўзялі толькі тлумачэньне — што здарылася, хто і якое меў дачыненьне да выбуху, праверылі дакумэнты на маёмасьць. Таму ў нас яшчэ ўсё наперадзе”.

У залежнасьці ад вынікаў экспэртызы будзе клясыфікаваная і справа аб выбуху на тэрыторыі каапэратыву “Завал”. Пакуль жа за парушэньне тэхнікі бясьпекі гаспадар гаража мусіць заплаціць штраф у памеры 350 тысяч рублёў — амаль столькі ж, колькі зараз спаганяюць за спажываньне піва ў грамадзкім месцы. Паказаньні жыхароў суседніх дамоў, што ў гаражы, маўляў, рэгулярна рамантаваліся машыны ды працаваў зварачны апарат, для якога якраз і патрэбныя выбухованебясьпечныя кіслародныя балёны, у якасьці дадатковых аргумэнтаў для глыбейшага разбору прынятыя не былі.

Столевыя панэлі ў чаканьні экспэртызы – асобна ад сьценаў

Цяпер можна кпіць хіба з таго, што ад пачатку неабачліва было ўлазіць у арганізацыю з такой “папераджальнай” назвай:

“Так, гаражны каапэратыў “Завал”. Сьмешна, але гэта як у пацьвярджэньне старой ісьціны: як яхту назавеш, так яна і паплыве. Гісторыя, вядома, рэзанансная, многа выклікала тут шуму, вельмі шмат было розных правяраючых. Але што з гэтага атрымаецца далей, ці кампэнсуюць нам страты — гэта ўжо невядома. Бо, як часта бывае, ратаваньне тапельцаў — клопат перадусім самога тапельца”.

Тэрыторыя гаражнага каапэратыву “Завал” зараз нагадвае зону стыхійнага бедзтва. Ацалелыя гаражы падпёртыя бярвеньнем, побач складаваныя пліты перакрыцьця ды кавалкі мэталу, якія дагэтуль насілі ганаровую назву — “аўтамабіль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG