Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцтва Беларусі ў Эўранэсьце “вырашана і ня вырашана”


Вырашэньне пытаньня аб прадстаўніцтве Беларусі ў “Эўранэсьце” (парлямэнцкай асамблеі “Ўсходняга партнэрства”) адкладзенае на красавік. Устаноўчая канфэрэнцыя “Эўранэсту”, плянаваная на 24 сакавіка, таксама перанесеная.


Паводле прадстаўніка адміністрацыі Эўрапарлямэнту Міхала Чапліцкага, пытаньне наконт прадстаўніцтва Беларусі “вырашана і ня вырашана”. Але дакладна, што інаўгурацыя “Эўранэсту” перанесеная, бо трэба знайсьці лепшы кансэнсус і ў самім Эўрапарлямэнце, і паміж Эўрапарлямэнтам і парлямэнтамі краінаў “Усходняга партнэрства”.

“На пасяджэньні дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў “Эўранэсьце” была закранутая справа Беларусі. Падчас галасаваньня дэлегацыя вырашыла, што будзе дзесяць назіральнікаў ад дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Але гэта яшчэ афіцыйна не зацьверджана. Гэта яшчэ павінна зацьвердзіць канфэрэнцыя старшыняў Эўрапарлямэнту. Наступнае пасяджэньне гэтай канфэрэнцыі заплянавана на 15 красавіка. Але парадак дня яшчэ ня вызначаны, і невядома, ці гэтае пытаньне вырашыцца, ці яшчэ ня будзе кансэнсусу і трэба будзе пачакаць. Пабачым”.

Сьпікеры парлямэнтаў краінаў “Усходняга партнэрства” накіравалі ў Брусэль свой ліст, у якім выказаліся за прадстаўніцтва афіцыйнага Менску ў “Эўранэсьце”.

Сяргей Маскевіч
Старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч сказаў, што Нацыянальны сход пакуль не атрымліваў ніякіх запрашэньняў ці інфармацыйных паведамленьняў адносна “Эўранэсту”.

“Ну, а рэзалюцыя Эўрапарлямэнту ўсім добра вядомая. У тым становішчы, якое сёньня ёсьць, яны прапануюць дзесяць прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Гэта вельмі прадказальны падыход. Але спадзяемся, што ён будзе нядоўгатэрміновым. Сьпікеры парлямэнтаў шасьці краін-партнэраў накіравалі свой ліст, што парлямэнт Беларусі павінен удзельнічаць у “Эўранэсьце” нароўні зь іншымі. Таму гэта ўсё, што мы маглі зрабіць. Калі гэта ня будзе ўлічана, то тады — на жаль... Гэты падыход зьяўляецца безумоўным, калі мы хочам разьвіваць “Усходняе партнэрства” згодна з Праскай дэклярацыяй”.
Анатоль Лябедзька

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька плянуе перадаць у Вільні прадстаўнікам гэтых парлямэнтаў краінаў Усходняга партнэрства, якія там знаходзяцца з нагоды 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы, адмысловы зварот ад аб’яднаных дэмсілаў Беларусі.

“Мы хацелі, каб адбылася нейкая дыскусія. Там будуць сьпікеры парлямэнтаў Малдовы і Грузіі, будзе спадар Тарасюк з Украіны, які ўзначальвае камітэт па эўраінтэграцыі. Вялікі пытальнік наконт гэтага ліста сьпікераў. Яны падпісвалі ці не яны, якая ступень іх легітымнасьці. Пытаньне ж ужо вырашана, сфармаваная гэтая дэлегацыя, але я не закрываў бы гэтае пытаньне. Я лічу дрэнным трэндам, калі парлямэнты краін, якія самі прайшлі праз выпрабаваньні, якія дамагаліся, што дэпутатаў у іх абіраюць, а не прызначаюць, увязваюцца ў такія авантуры. І зробім усё, што неабходна, каб такія дыскусіі адбыліся, як мінімум, у Вярхоўнай радзе Ўкраіны, Малдовы і Грузіі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG