Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цэны ў рэстарацыях і кавярнях адпусьцяць на волю


Згодна з указам прэзыдэнта ад 1 сакавіка рэстаранам, кавярням і барам катэгорыяў «люкс», вышэйшай і першай катэгорыі дазволена ўсталёўваць свабодныя цэны.

На іх прыходзіцца 13% ад агульнай колькасьці прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня. Прадстаўнікі бізнэс-колаў, рэстаратары лічаць гэтыя захады палавіністымі і прапануюць наагул адмяніць дзяржаўнае рэгуляваньне ў гэтай галіне.

Нацэначную катэгорыю «люкс» і вышэйшую ў Беларусі маюць толькі 57 аб’ектаў грамадзкага харчаваньня з амаль 11 тысяч (палова працэнта), першую — 1413 (12,3%). Натуральна, гаспадары гэтых рэстарацый успрынялі дакумэнт з надзеяй. Вядомы сталічны рэстаратар, уладальнік «News cafe» і «Grand cafe» Вадзім Пракоп’еў кажа:

«Паслабленьні любыя дапамогуць. Галоўнае — быць пасьлядоўным. Я спадзяюся, гэта не апошняе паслабленьне. Я, да прыкладу, гэтую сьцяну прабіваю ўжо гадамі. Галіну трэба адпускаць. Таму што яна дастаткова канкурэнтная, прыватная. І прыватнікі самі ў ёй ледзь-ледзь выжываюць. Таму няма сэнсу жорстка рэгуляваць. Хоць з вялікім спазьненьнем, але лепш, чым ніколі».

Старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін перакананы, што адпускаць цэны найперш трэба ў найбольш масавай, другой катэгорыі:

«Ну што такое рэстарацыі вышэйшай і першай катэгорыі? Гэта самая малая частка рэстараннага бізнэсу. І якраз тут Міністэрства гандлю, якое дыктуе цэнавую палітыку, дало паслабленьне. Рэстараны хочуць мець свабоду ў цэнаўтварэньні. Самая масавая катэгорыя — гэта якраз другая катэгорыя. Так што гэта зусім неістотнае паслабленьне для тых, у каго і так элітная публіка, далёка ня масавая».

Другая нацэначная катэгорыя — гэта больш даступныя, больш дэмакратычныя кавярні, бары, закусачныя, буфеты, аб’екты хуткага харчаваньня, летнія кафэ — больш за дзьве траціны ад усіх. Старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў кажа:

«Другая нацэначная катэгорыя — самая масавая. Да яе адносіцца 60-70% прадпрыемстваў. Яны так і засталіся зь дзяржаўным цэнавым рэгуляваньнем. Сёньня памылку разумеюць некаторыя ва ўрадзе, але толькі 1 сакавіка падпісалі адзін ўказ. Хто пойдзе і скажа, што зроблена памылка, і, да прыкладу, 30 сакавіка трэба падпісваць чарговы ўказ і другую нацэначную катэгорыю таксама вызваляць?»

Начальнік Упраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Ігар Лагоцька запэўніў, што чыноўнікі разумеюць, што ўказ не вырашае ўсіх праблемаў, кошты трэба адпускаць. А што да падзелу прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня на катэгорыі, спадар Лагоцька распавёў:

«Хутка будзе адменены падзел на катэгорыі. Я асабіста з гэтым ня згодны, бо ў першую чаргу — прыбытак, выгада. Проста гаспадары рэстарацыяў ня будуць зацікаўленыя ўкладаць сродкі ў інтэр’ер, у асноўныя сродкі. Трэба, каб усё не скацілася да ўзроўню элемэнтарных сталовак. Паглядзім, як будзе. Але свабоду, канечне, трэба даваць».

Рэстарацыі знаходзяцца ў цалках рынкавых умовах, перакананы уладальнік сеткі рэстарацыяў Вадзім Пракоп’еў:

Калі ў рэстарацыі няма гасьцей, і вы прызначылі сабе вышэйшую катэгорыю, вы зачыніцеся.
«Калі ў рэстарацыі няма гасьцей, і вы прызначылі сабе вышэйшую катэгорыю, вы зачыніцеся. Вы распусьціце пэрсанал, вы проста пацерпіце фіяска. Калі вы прызначыце другую катэгорыю і будзеце прадаваць вельмі танна, але зробіце стыльны інтэр’ер і цэнтар гораду, у вас таксама нічога не атрымаецца. Дык пакіньце гэта рыначным законам: чым людзям рызыкаваць. Таму што рэстаранны бізнэс — адзін з самых рызыкоўных, прычым, гэта ня мае дачыненьня да постсавецкіх краінаў. Ён у прынцыпе паўсюль вельмі рызыкоўны».

І жыхары, і госьці Менску, турысты скардзяцца, што ў сталіцы бракуе ўтульных кавярняў, бараў, рэстарацый. Рэстаратары скардзяцца, што шмат сіл, часу займае праходжаньне вялікай колькасьці працэдур, узгадненьняў, дазволаў. Начальнік Упраўленьня спажывецкага рынку Менску Ігар Лагоцька так ацэньвае сытуацыю з рэстарацыямі і кавярнямі ў сталіцы:

«Гэта ня так шмат, але гэта і нямала: 24 пасадачныя месцы на тысячу. Узровень заробкаў, канечне, нам не дазваляе з рэстаранаў не вылазіць. Ды й мэнталітэт у заходніх краінах зусім іншы: жанчыны ў іх не такія працавітыя, як у нас, якія больш у хаце гатуюць. Дый ня так зараз радасна ва ўсім сьвеце ў гэтай сфэры: паглядзіце, у Маскве колькі рэстарацыяў зачынілася, у Нямеччыне, Францыі, Італіі... А ў нас, наадварот, расьце».

Сапраўды, рэстаратар Вадзім Пракоп’еў, уладальнік сталічнага «News cafe» літаральна днямі адкрыў новае «Grand cafе» і прызнаўся, што на чарзе яшчэ адна новая ўстанова на рагу Інтэрнацыянальнай і Раманаўскай Слабады:

«Я не какетнічаю. Гэта поўная авантура. Я цалкам перакананы, што Менску элегантныя рэстарацыі не патрэбныя. Акрамя таго, у мяне ня дорага, нягледзячы на агульнае меркаваньне на гэты кошт».

У дадзеным выпадку мы ня маем на ўвазе рэстарацыі Вадзіма Пракоп’ева. Але адзін менскі гурман вельмі трапна параўноўвае кошты ў дзьвюх суседніх сталіцах:

«Я магу ў Вільні прыйсьці і замовіць за 15 даляраў філе кенгуру альбо кракадзіла — гэта рэальныя кошты на такую экзотыку. У Менску я магу салат купіць за такую цану. Прычым, якасьць не гарантаваная».
Я магу ў Вільні прыйсьці і замовіць за 15 даляраў філе кенгуру альбо кракадзіла. У Менску я магу салат купіць за такую цану.

Агульнае меркаваньне, як ні дзіўна, яшчэ і ў тым, што калі кошты адпускаюць, яны адразу ж папаўзуць ўгару. Старшыня сталічнага Саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін з гэтым катэгарычна ня згодны:

«Не, гэта ня так. Калі адпускаюцца цэны, узьнікае канкурэнцыя. А суб’ект гаспадараньня можа манэўраваць. Да прыкладу, робіць днём танныя абеды, запаўняючы залі. А ўвечары дае залі для абслугоўваньня якіх-небудзь мерапрыемстваў, выкарыстоўваючы павышальныя каэфіцыенты. Выкарыстоўвае на сьняданкі паніжальныя каэфіцыенты. То бок гнуткасьць у працы на кліента».

Канкурэнцыя наагул вядзе да зьніжэньня коштаў: спажывец можа выбіраць, куды варта ісьці, а дзе моцна ўдарыць па кішэні.

Рэстаратары лічаць, што ёсьць яшчэ шмат фактараў, якія стрымліваюць разьвіцьцё рэстараннага бізнэсу ў краіне. Вадзім Пракоп’еў налічыў амаль два дзясяткі пунктаў. Адзін зь іх — абмежаваньне часу працы рэстарацый, якое народ трапна назваў «камэнданцкай гадзінай»:

«Мы церпім усё гэта, хаця і ў мэрыі, і шмат дзе чыноўнікі перакананыя, што ў сталіцы зачыняцца хаця б апоўначы ў цэнтры было б больш зручна, каб такой камэнданцкай гадзінай не патыхала. Гэта дрэнна, і для дзяржавы дрэнна. Не дапрацоўваецца ў апошнюю гадзіну шмат. Усё ж такі ў звычках беларусаў ёсьць пасьля адзінаццатай некуды зайсьці, выпіць і закусіць. Таму не дабіраюць і рэстарацыі, і дзяржава».

Наведнікі заўважаюць, што нацыянальных адметнасьцяў у беларускіх рэстарацыях вельмі мала. Адкрываюцца новыя ўстановы — у асноўным з заморскім кухнямі, нават з назовамі адпаведнымі: «Мая ангельская бабуля», «Бамбук», Alto Mare, Piaffer, James, Casa Agustin Lopes, Perfetto...

«Беларуская экзотыка — гэта калі бярэцца нейкая клясычная нацыянальная рэстарацыя іншай краіны, і гэта лічыцца экзотыкай. Раней ў Польшчы быў такі рэстаран, дзе на цябе могуць высыпаць сальнічку, выліць шклянку вады, нахаміць — гэта была фішка такая. У Празе ёсьць рэстараны, дзе двухлітровыя куфлі піва, у іншым бары — вялізныя шклянкі ў драўлянай абалонцы. Я ня ведаю ніводнага беларускага рэстарана, дзе ёсьць хоць нейкая фішка».
XS
SM
MD
LG