Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўніцтва Эўрапарлямэнту адклала дату паседжаньня Эўранэсту з-за Беларусі


Заплянаванае на 24 сакавіка першае паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі "Ўсходняга партнэрства" (Эўранэст) перанесенае. Новая дата пакуль не ўстаноўленая.


Як паведаміла польскае інфармацыйнае агенцтва РАР, рашэньне адносна таго, хто ад Беларусі павінен заняць 10 месцаў у Эўранэсьце – выключна дэмакратычная апазыцыя (паводле рэкамэндацыі парлямэнцкай дэлегацыі па фармаваньні ПА) альбо таксама і прадстаўнікі беларускага Нацыянальнага сходу (паводле прапановы сацыялістаў) – мусіла зацьвердзіць 11 сакавіка Канфэрэнцыя старшыняў Эўрапарлямэнту. У Канфэрэнцыі прадстаўленыя сьпікер Эўрапарлямэнту, а таксама старшыні палітычных групаў (фракцый). Аднак, у выніку адсутнасьці сярод парлямэнтароў агульных падыходаў і кампрамісаў, Канфэрэнцыя пастанавіла, што разгляд гэтага пытаньня адбудзецца не раней як праз месяц.

Паводле прадстаўніка парлямэнцкага Левага дэмакратычнага альянсу Багуслава Ліберадзкага, напярэдадні ў кулюарах парлямэнту прапаноўваліся самыя розныя варыянты. Сацыялісты настойвалі на тым, каб да Беларусі ў Эўранэсьце ўжываліся тыя ж правы, што і дачыненьні да іншых пяці краін-удзельніц. Тым больш, што такое патрабаваньне ў сваім адкрытым лісьце выказалі і кіраўнікі парлямэнтаў Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Кансэрватары выступалі за тое, каб усе месцы занялі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі.

Сам Ліберадзкі і некаторыя іншыя былі за тое, каб беларускія месцы былі разьмеркаваныя паміж дэпутатамі і апазыцыянэрамі.
"Мы лічым, што было б лепш пачаць працу з беларускім парлямэнтарамі, чым ставіць пад сумнеў увесь праект Эўранэсту”, падкрэсьліў парлямэнтар ад Левага дэмакратычнага альянсу.

Тым часам старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк, паводле крыніцы РАР, сказаў на паседжаньні Канфэрэнцыі наступнае: “З майго ўласнага досьведу ў “Салідарнасьці” запрашаць прадстаўнікоў улады “ня ёсьць добра”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG