Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Адзін сьвет" – фокус на Іране


У Празе распачаўся фэстываль дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаных правам чалавека, "Адзін сьвет". На фэстывалі пакажуць больш за сто фільмаў з трыццаці краінаў.


Сёлета значная частка фэстывальнай праграмы будзе прысьвечаная Ірану. Марэк Свобада, адзін з кіраўнікоў, арганізацыі "Чалавек у нядолі", якая ладзіць фэстываль, гэтак тлумачыць увагу да гэтай краіны:

"Арганізацыя "Чалавек у нядолі" брала ўдзел у шэрагу ініцыятываў, якія пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Іране ў мінулым чэрвені. Таму ў гэтым сэнсе атрымаўся вельмі натуральны працяг таго, у чым мы ўжо бралі ўдзел".

Пасьля пераабраньня іранскага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада ў чэрвені 2009 году тысячы людзей выйшлі на вуліцы пратэставаць, лічачы выбары сфальшаванымі. Гэта былі найбольшыя пратэсты ад часу ісламскай рэвалюцыі 1979 году.

Фэстываль распачаўся фільмам "Зялёныя дні" 21-гадовай іранскай рэжысэркі Ханы Махмалбаф, дзе паказаныя падзеі вакол леташніх выбараў. У фільме скарыстаныя здымкі з мабільных тэлефонаў, на якіх задакумэнтаваны гвалт падчас пратэстаў, у тым ліку сьмерць 26-гадовай Нэды Ага Солтан, застрэленай падчас дэманстрацыі пратэсту. Махмалбаф кажа што ў яе фільме адлюстраваны досьвед тысячаў іранцаў:

"Пасьля 12 чэрвеня жыцьцё шмат якіх іранцаў зьмянілася. Жыцьцё тых, хто прагаласаваў. Шмат хто быў зьняволены. Шмат каго катавалі. Некаторых гвалтавалі падчас затрыманьняў. Некаторых забілі, а шмат хто ня меў іншага выйсьця, акрамя эміграцыі, і да гэтых людзей належыць нашая сям'я. Да 12 чэрвеня сьвет ведаў Іран праз імя Ахмадзінэжада, і людзі думалі, што ягоныя словы адлюстроўваюць волю іранскага народу. Але сёньня я шчасьлівая з таго, што вобраз іранцаў ў сьвеце зьмяніўся".

Шмат якія іранскія фільмы на фэстывалі, у тым ліку "Зялёныя дні", здымаліся ў Іране без афіцыйнага дазволу, часта з рызыкай для дакумэнталістаў.

Агулам на сёлетні фэстываль прапанавалі больш за паўтары тысячы фільмаў, зь якіх арганізатары выбралі 101. Падчас фэстывалю адбудуцца дыскусіі з удзелам каля ста рэжысэраў і праваабаронцаў. Сёлета ўпершыню гледачы змогуць прагаласаваць за найбольш упадабаныя фільмы фэстывалю, і арганізатары маюць намер даць права на бясплатныя паказы найбольш папулярных фільмаў.

Да 28 сакавіка некаторы з фільмаў фэстывалю можна бясплатна паглядзець у інтэрнэце.

У мінулыя гады ў фэстывалі "Адзін сьвет" бралі ўдзел і фільмы зь беларускай тэматыкай. Да прыкладу ў 2005 годзе ў праграме ўдзельнічаў фільм нямецкага рэжысэра Сэбаст’яна Гайнцэля89 мілімэтраў”, прысьвечаны жыцьцю маладых людзей у Беларусі. А ў 2007 годзе фільм польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага атрымаў спэцыяльны прыз за ўнёсак у справу абароны правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG