Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва ўрачыстасьцях у Вільні з нагоды 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы афіцыйны Менск прадстаўляе віцэ-прэм’ер Віктар Бура, а апазыцыю — былы старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч. Прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў бяруць таксама ўдзел у шэрагу іншых мерапрыемстваў.

У прэсавай службе літоўскага прэзыдэнта паведамілі, што ад Беларусі ва ўрачыстасьцях бяруць удзел Віктар Бура, якога замест сябе дэлегаваў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, і Станіслаў Шушкевіч, які прыбыў на запрашэньне літоўскага парлямэнту.

Таксама лідэр АГП Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук 12 сакавіка возьмуць удзел у заснаваньні асамблеі “Супольнасьці дэмакратый”. Спадар Лябедзька патлумачыў:

“Гэта такая парасонавая арганізацыя, і мэта яе — прасоўваць дэмакратыю, дапамагаць дэмакратыі, падтрымліваць дэмакратыю. І ў Вільні будзе рэалізавана ініцыятыва, каб дапоўніць гэтую арганізацыю парлямэнцкім вымярэньнем. Там прапануецца стварыць парлямэнцкую асамблею “Супольнасьці дэмакратый”. Нас таксама запрасілі стаць сузаснавальнікамі гэтай асамблеі. Сузаснавальнікамі могуць выступіць альбо дзейныя дэпутаты, альбо былыя дэпутаты, хто абіраўся ў парлямэнт”.

Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька і Яраслаў Раманчук выступяць на міжнароднай канфэрэнцыі, сярод арганізатараў якой — парлямэнт і Міністэрства замежных спраў Літвы. Там будуць дзьве панэлі — па Беларусі і па Кубе, сказаў А.Лябедзька.

“Плянуецца, што будзе вялікая колькасьць гасьцей, якія прыехалі ў Вільню. І ёсьць мажлівасьць нам яшчэ раз выразна акцэнтаваць сытуацыю ў Беларусі і зрабіць прэзэнтацыю “дарожнай мапы” — што трэба рабіць, каб Беларусь стала не выключэньнем у эўрапейскім правіле.

Усё, дзе так ці інакш абмяркоўваецца Беларусь — гэта няхай маленькае, але наша дасягненьне. З аднаго боку, гэта сьведчыць, што для Літвы Беларусь ёсьць адным з прыярытэтаў у зьнешняй палітыцы. І гэта добра, што яны падчас сваіх сьвяткаваньняў устаўляюць у парадак дня такія мерапрыемствы, якія прысьвечаныя ня толькі аналізу таго, што яны зрабілі, але і таму, што яны хацелі, каб было вакол іх. Я лічу гэта добрым знакам”.

Напярэдадні Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька знаходзіліся зь візытам у Варшаве, дзе правялі сустрэчы зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, а таксама ў парлямэнце і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі.
XS
SM
MD
LG