Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грэцыі забяруць эўра?


Сёньня ў Грэцыі ўсеагульны страйк — другі за апошнія два тыдні. Як і 24 лютага, сёньня страйкуюць усе працаўнікі дзяржаўнага сэктару ды шмат хто з прыватнага.

Грэкі пратэстуюць супраць антыкрызіснай праграмы, прынятай урадам прэм’ер-міністра Георгіяса Папандрэу, каб паменшыць дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту. Гэты дэфіцыт, разам зь вялізным замежным доўгам Грэцыі, пахіснуў стабільнасьць эўра — супольнай валюты 16 краінаў Эўразьвязу.

"Калі не праелі, дык раскралі"

У пэрыяд паміж гэтымі двума агульнанацыянальнымі грэцкімі пратэстамі нашу сям’ю ў Празе наведала жончына сястра з Атэнаў, якая пражыла ў грэцкай сталіцы больш за 10 гадоў. Першы раз жончына сястра жыла і працавала ў Грэцыі нелегальна, у першай палове 1990-х гадоў. Тады яна вярнулася ў Польшчу пасьля таго, як яе нарачонага дэпартавалі з Грэцыі за побыт і працу без афіцыйнага дазволу. Цяпер яна, грамадзянка Эўразьвязу, працуе ў Грэцыі зусім легальна ды плаціць там падаткі і сацыяльнае страхаваньне. Адно што з працай і заробкамі ў Грэцыі сёньня непараўнальна цяжэй, чым гадоў 15-20 таму.

— Грэкі, замест таго, каб рабіць інвэстыцыі, праелі амаль усю дапамогу, якую атрымалі з Эўразьвязу на мадэрнізацыю гаспадаркі, — тлумачыла нам жончына сястра ў Празе. — А чаго не пасьпелі праесьці, дык параскрадалі. Такой карупцыі, як у Грэцыі, няма нідзе ў Эўропе.

І давай нам распавядаць розныя цікавінкі з грэцкага публічнага жыцьця, якія ў апошнім часе, калі ўрад пастанавіў заашчадзіць крыху граша на зарплатах і пэнсіях сваіх службоўцаў, пачалі ўсплываць у грэцкіх СМІ. Між іншым, у дзяржаўным тэлебачаньні была група працаўнікоў, якія атрымлівалі зарплату па 300 тысяч эўра на год і якіх за апошнія тры гады ніхто ні разу на працы ня бачыў.

У Грэцыі ашукоўваньне падаткавых інспэктараў, як адзначаюць амаль усе палітычныя назіральнікі, зрабілася нечым накшталт нацыянальнага спорту. На мінулым тыдні прэм’ер-міністар Папандрэу шакаваў сваіх суродзічаў і шмат каго ў іншых краінах Эўразьвязу, калі паведаміў, што ўсяго 5 тысяч грэкаў дэкляравала падаткавым інспэкцыям гадавы даход большы за 100 тысяч эўра.

Плян Папандрэу

Зона эўра была створаная ў 1999 годзе. Паводле рэглямэнту гэтай зоны, краіна-ўдзельнік павінна трымаць гадавы дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту на ўзроўні ніжэй за 3 адсоткі ад вартасьці валавога ўнутранага прадукту, а замежны доўг — ніжэй за 60 адсоткаў ад ВУП. Грэцыя гадамі ашукоўвала статыстыкаў зь Люксэмбургу, якія сочаць за фінансава-эканамічнымі парамэтрамі ўсіх сябраў Эўразьвязу, падаючы заніжаныя вартасьці як бюджэтнага дэфіцыту, так і замежнага доўгу. У 2009 годзе бюджэтны дэфіцыт Грэцыі перасягнуў 12 працэнтаў, і гэта ўжо не ўдалося прыхаваць.

Урад Папандрэу пад ціскам іншых сябраў Эўразьвязу прыняў эканамічны плян абмежаваньня гэтага дэфіцыту да 8,7 адсотка ў 2010 годзе — сярод іншага, былі паніжаныя зарплаты дзяржаўных службоўцаў, замарожаныя пэнсіі і павышаны падатак на дададзеную вартасьць. Плян Папандрэу ўбіў клін паміж працаўнікамі дзяржаўнага і прыватнага сэктараў. Гэтыя апошнія лічаць, што прыватны сэктар несправядліва нясе адказнасьць за фінансавы крызіс, галоўным віноўнікам якога быў урад і разьдзьмутая да велізарных памераў дзяржаўная бюракратыя.

Іншыя ўдзельнікі Эўразьвязу не сьпяшаюцца падаваць Грэцыі руку дапамогі, то бок, сьпісваць яе даўгі або даваць новыя крэдыты. Да траўня Грэцыя мусіць заплаціць або перааформіць тэрміны сплаты даўгоў агульнай вартасьцю 20 мільярдаў эўра. Нічога дзіўнага, што акрамя ўвядзеньня рэжыму строгай эканоміі, зьявіліся і іншыя прапановы вырашэньня фінансавых клопатаў Грэцыі. Двое нямецкіх дэпутатаў запрапанавалі, каб Грэцыя прадала некалькі сваіх выспаў. Маўляў, у Грэцыі іх каля шасьці тысяч, значыць, вялікай бяды ня будзе, калі пазбыцца дзьвюх ці трох. Грэкі тут жа прыгадалі немцам, што гітлераўская Нямеччына зрабавала ўсё іх золата з нацыянальнага банку ў часы ІІ сусьветнай вайны, і гэтае золата ніколі потым у Грэцыю не вярнулася...

Эўразона павінна застацца непашкоджанай

Сярод фінансавых экспэртаў чуюцца галасы, што Грэцыю трэба выключыць з зоны эўра — каб пакараць яе за фінансавую легкадумнасьць ды паслаць выразны сыгнал перасьцярогі ўсім іншым краінам, якія ў гэтай зоне знаходзяцца або хочуць туды ўвайсьці. Так бы мовіць, сябры-эўрапейцы, Ordnung muss sein.

Але гэтага, хутчэй за ўсё, не адбудзецца. Эўразона — вяршыннае дасягненьне эўрапейскай інтэграцыі. Выкінуць з гэтай зоны аднаго ўдзельніка — усё роўна як прызнацца, што эўрапейская інтэграцыя насамрэч не зьяўляецца такой добрай ідэяй, як усім калісьці здавалася... Выглядае на тое, што Эўразьвяз неяк уратуе Грэцыю ад міжнароднага банкруцтва, хоць для шмат якіх грэкаў гэты паратунак можа аказацца вельмі балючай працэдурай.

Жончына сястра, якая працуе ў турыстычнай фірме ў Атэнах, некалькі дзён таму паведаміла нам, што, магчыма, ёй зноў прыйдзецца вяртацца ў Польшчу. Турыстычны рух у сувязі з крызісам і павышэньнем цэнаў на асноўныя прадукты ў Грэцыі пайшоў раптоўна на спад. У Грэцыі у сэктары абслугоўваньня турыстычнага руху працуе каля 20 адсоткаў усёй рабочай сілы краіны. Жончына сястра баіцца, што ў гэтым годзе ёй проста ня будзе чым і кім займацца, каб зарабіць на жыцьцё...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG