Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка працуе ў Менску і сёньня правёў сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым і намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанідам Анфімавым. Гаворка ішла пра лёс мытнага саюзу і ўдзелу ў ім Беларусі.

Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі.

Ён зьняпраўдзіў паведамленьні некаторых мэдыяў пра тое, што А.Лукашэнка нібыта знаходзіцца зь візытам у Вэнэсуэле.

“Аляксандар Рыгоравіч у Менску. Сёньня ў навінах паглядзіце”, - сказаў П.Лёгкі.

Выступаючы ў сераду ў Гарадзкім тэатры Каракасу з нагоды Дня мэдыкаў, прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс паведаміў, што ў найбліжэйшым часе яго краіну наведаюць кіраўнікі розных дзяржаваў сьвету, і сярод іх першым будзе візыт у Вэнэсуэлу прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі разам з дэлегацыяй ягонага ўраду.

Ён падкрэсьліў, што з гэтай краінай Усходняй Эўропы праводзяцца важныя двухбаковыя праекты:

"Беларусь – краіна высокага тэхналягічнага прагрэсу, мы пачынаем разьмяшчэньне заводу грузавых аўтамабіляў і трактароў, мы распрацоўваем такі праект. Акрамя таго, завод аптычнага абсталяваньня ад мікраскопаў да тэлескопаў”, - цытуе Чавэса афіцыйнае вэнэсуэльскае агенцтва Agencia Bolivariana de Noticias.

Напярэдадні А.Лукашэнка адмовіўся ад запрашэньня ўзяць удзел ва ўрачыстасьцях у Вільні з нагоды 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы. Замест кіраўніка Беларусі ў Літву прыехаў віцэ-прэм’ер Віктар Бура.
XS
SM
MD
LG