Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьпісе мільярдэраў Forbes расейцаў удвая болей, чым летась


Стывэн Форбс, рэдактар часопіса Forbes

Стывэн Форбс, рэдактар часопіса Forbes

Сьпіс самых багатых людзей сьвету, які штогод публікуе амэрыканскі часопіс Forbes, сьведчыць пра тое, што ў сусьветнай эканоміцы наступае аздараўленьне. Лідэрам паводле колькасьці мільярдэраў зьяўляецца Азія.

Колькасьць новых мільярдэраў сьведчыць пра тое, што сусьветная эканоміка пераадольвае крызіс. Пра гэта заявіў Стывэн Форбс, камэнтуючы сьпіс найбагацейшых людзей сьвету, апублікаваны сёлета ў часопісе Forbes Magazine.

Летась у сьпісе было 736 мільярдэраў, сёлета іх колькасьць вырасла да 1011. Агульная багацьце сябраў “залатога клюбу” Forbes вырасла за год на 50%.

Летась са сьпісу вылецелі 300 сябраў, якія былі ў ім у 2008 годзе. Але сёлета 164 гэтыя ахвяры крызісу ў рэйтынг-ліст Forbes вярнуліся і яшчэ 97 чалавек дадаліся.

Фігуранты сьпісу зьяўляюцца грамадзянамі 55 краінаў, сёлета дадаліся мільярдэры з дзьвюх краін – Фінляндыі і Пакістану, прадстаўнікі якіх ніколі раней не фігуравалі ў рэйтынгу самых багатых людзей сьвету.

Галоўная сэнсацыя сёлетняга сьпісу: першае месца Карласа Сліма, уладальніка сеткі мабільнай сувязі ў Мэксыцы. Ягонае багацьце – 53 мільярды даляраў. Слім пасунуў зь першага месца заснавальніка кампаніі Microsoft, які ўзначальваў сьпіс Forbes больш за 10 гадоў.

Цяпер Гейтс на другім месцы, на трэцім – амэрыканскі фінансіст Уорэн Бафэт. Гейтс і Бафэт апошнім часам выдаткавалі шмат грошай на дабрачыннасьць, што дало магчымасьць Сліму выйсьці на першае месца.

Колькасьць расейскіх фігурантаў сьпісу Forbes павялічылася за год з 32-х да 62-х чалавек.

Але найбольш самых багатых людзей сьвету – у Азіі, дзе іх колькасьць падвоілася ў параўнаньні зь мінулым годам. 64 зь іх – грамадзяне КНР.

Паводле рэдактара Forbes, Азія зьяўляецца лідэрам фінансавага аздараўленьня сьвету, што і адлюстравана ў дынаміцы колькасьці мільярдэраў у гэтым рэгіёне сьвету.

У той жа час, калі раней амэрыканцы складалі палову сьпісу, то цяпер – толькі 40%. 89 з 1011 самых багатых людзей сьвету – жанчыны. А самы малады фігурант сьпісу – 25-гадовы амэрыканец Марк Цукербэргер , стваральнік сацыяльнай сеткі Facebook, чыё багацьце складае 4 мільярды даляраў.

Акрамя Расеі багатыя людзі жывуць і ў іншых краінах-суседзях Беларусі. У сьпісе Forbes фігуруюць 5 украінскіх мільярдэраў і 4 польскія. У Казахстане, які ўваходзіць у мытны саюз зь Беларусьсю і Расеяй, 5 мільярдэраў. Прадстаўнікі Беларусі, як і Латвіі і Літвы, у сьпіс Forbes не патрапілі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG