Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навейшыя дасьледваньні сьведчаць пра тое, што гадзінны сон удзень можа значна палепшыць інтэлектуальны патэнцыял чалавека.

Каліфарнійскі ўнівэрсітэт у Бэрклі правёў экспэрымэнт на сарака дарослых валянтэрах. Раніцай ім было дадзена заданьне, якое вымагала засвойваньня вялікай колькасьці новай інфармацыі. У абед палове ўдзельнікаў далі паўтары гадзіны паспаць. Пры паўторных тэстах, праведзеных увечары, у тых, хто выспаўся, вынікі былі лепшыя, чым у іх калегаў, якія правялі свой адпачынак не кладучыся.

Назіраньні за актыўнасьцю мазгавых электрычных імпульсаў навялі навукоўцаў на думку, што пад час сну ў галаве адбываецца працэс, падобны да перафрагмэнтацыі кампутара. Працэс, на думку дасьледчыкаў, праходзіць паміж глыбокай і мройнай фазамі сну. У гэты час інфармацыя перамяшчаецца з таго сэктару мозгу, які адказвае за засвойваньне інфармацыі ў іншы, які працуе як "сховішча" для доўгатэрміновага ўтрыманьня ведаў.

Навёўшы такім чынам парадак у галаве пры дапамозе сіесты, чалавек ня толькі паляпшяе эфектыўнасьць сваёй мазгавой дзейнасьці, але і выводзіць свой інтэлектуальны патэнцыял на новы ўзровень.

Праведзеных на сёньняшні дзень клінічных досьледаў пакуль бракуе, каб адназначна падцьвердзіць аргумэнты апалягетаў сіесты. Прафэсар Цэнтру дасьледваньняў сну ў Сурэі Дзірк-Ян Дыйк ставіцца да гэтай ідэі скэптычна. Не адмаўляючы станоўчага ўплыву любога адпачынку на дзеяздольнасьць арганізму, ён аднак указвае што ў рэальным жыцьці на разумовую дзейнасьць уплывае яшчэ і настрой, матывацыя, пасьлядоўнасьць дзеяньняў і безьліч іншых чыньнікаў, аб'ектыўных і суб'ектыўных.

Прафэсар Дыйк сумняецца, што падпарадкаваньне ўсяго астатняга жорсткаму правілу штодзённага перапынку на сіесту праявіцца ўрэшце лепшымі вынікамі.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG