Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі аднавіліся пошукі беларускіх турыстаў


Сёньня ў Мурманскай вобласьці адноўленыя пошукі беларусаў, якіх 8 сакавіка накрыла сьнежная лявіна.


3 сакавіка група з шасьці берасьцейскіх турыстаў выправілася ў пешы маршрут на лыжах па горным хрыбце Хібіны. Паводле расейскіх выратавальнікаў, беларусы не зарэгістраваліся ў Мурманскім пошукавым атрадзе, як таго патрабуюць нормы бясьпекі.

Як кажуць сьведкі здарэньня, у сярэдзіне дня 8 сакавіка адбыўся сход сьнежнай лявіны, якая пахавала пад сабой чатырох чалавек – пад сьнегам апынуліся два хлопцы і дзьве дзяўчыны. Двум турыстам удалося ўратавацца. Спачатку яны спрабавалі самастойна знайсьці сваіх таварышаў, аднак урэшце вымушаныя былі зьвярнуцца па дапамогу.

Пошукавая апэрацыя, якая пачалася напярэдадні, была прыпыненая з-за цемры і дрэннага надвор’я – у раёне надзвычайнага здарэньня дуе моцны вецер, ідзе сьнег, а тэмпэратура панізілася да 25 градусаў ніжэй нуля. Сёньня на месца сходу лявіны кінутая дадатковыя сілы мясцовага аддзелу Міністэрства надзвычайных здарэньняў.
XS
SM
MD
LG