Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу супраць верніка разгледзяць наноў


Дзьмітры Смык

Дзьмітры Смык

Крымінальную справу супраць верніка “Сьведкі Яговы” Зьмітра Смыка за так званае ўхіленьне ад вайсковай службы Гомельскі абласны суд будзе разглядаць наноў.

Па скарзе спадара Смыка Вярхоўны суд вынес пратэст на пакараньне штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3,5 мільёна рублёў). Пра гэта паведаміў сам Зьміцер, які атрымаў адказ з вышэйшай судовай інстанцыі.

Нагадаем, што зь ініцыятывы гарадзкога ваенкамату пракуратура распачала крымінальную справу супраць Зьмітра Смыка паводле артыкулу 435 ч.1 - ухіленьне ад прызыву на вайсковую службу.

6 лістапада мінулага году судзьдзя Цэнтральнага раёну Рыгор Дзьмітрэнка пакараў Зьмітра буйным штрафам. Паводле выраку, злачынная задума верніка нібыта пацьвярджваецца тым, што ў прызначаны час ён сьвядома не зьявіўся ў ваенкамат.

Тлумачэньні верніка наконт таго, што супрацоўнікі ваенкамату не ўлічылі ягоныя рэлігійныя перакананьні, судзьдзя прызнаў неабгрунтаванымі. Не ўзятая была пад увагу й заява 23-гадовага прызыўніка, бацькі малалетняй дачкі, што ён не адмаўляецца выканаць свой абавязак перад радзімай – хоча толькі зрабіць гэта на альтэрнатыўнай аснове, як гарантуе канстытуцыя.

Судовая калегія абласнога суду, куды зьвяртаўся Зьміцер Смык, не знайшла падставаў для адмены пакараньня.
XS
SM
MD
LG