Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шанцы Саньнікава ў апазыцыйным “кастынгу”


Былы намесьнік міністра замежных справаў, апазыцыйны палітык Андрэй Саньнікаў заявіў пра свой намер вылучацца ў прэзыдэнты. Ці ёсьць у яго падставы спадзявацца на падтрымку апазыцыйных палітычных сілаў? Ці мае шанцы Саньнікаў узначаліць якую-небудзь з існуючых структураў? Які сцэнар прэзыдэнцкай кампаніі вымалёўваецца на фоне вылучэньняў патэнцыйных кандыдатаў? На гэтыя пытаньні адказваюць публіцыст Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Аляксандар Класкоўскі
Уладзімер Мацкевіч
Віталь Цыганкоў


«Ягоныя лепшыя гады як палітыка прайшлі»


Цыганкоў: Самавылучэньне Андрэя Саньнікава для многіх нават партыйных актывістаў стала сэнсацыяй. На што разьлічвае гэты палітык, ці ўдасца яму згуртаваць вакол сябе нейкія сілы, якія будуць гатовыя працаваць на яго? Калі так, што якія сілы гэта будуць, і ці дазволяць яны яму сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў?

Мацкевіч: Некаторыя сілы ў Саньнікава ёсьць. Гэта рэшткі «Зуброў» ды іншых моладзевых суполак, якія вакол «Хартыі» згуртаваныя. Іншая справа, што вылучэньне ў прэзыдэнты апазыцыйнымі палітыкамі часта выкарыстоўваецца проста, каб прыцягнуць да сябе ўвагу і сказаць некаторыя рэчы, якія яны лічаць патрэбным сказаць — уладзе, грамадзтву. Я думаю, нічым іншым самавылучэньне Саньнікава не зьяўляецца. Бо ягоныя лепшыя гады як палітыка прайшлі, ён ня здольны скарыстацца тымі перавагамі, што былі ў яго ў канцы 90-х гадоў.
Cёньня ён ужо не ўваходзіць у першы шэраг палітыкаў, якія маюць нейкія рэалістычныя шанцы на тое, каб стаць кандыдатам у прэзыдэнты..
І сёньня ён ужо не ўваходзіць у першы шэраг палітыкаў, якія маюць нейкія рэалістычныя шанцы на тое, каб стаць кандыдатам у прэзыдэнты.

Класкоўскі: Я згодны з Уладзімерам, што на сёньня на першы плян выйшлі праблемы самараскруткі, піяру. Выбары — гэта ўвогуле добрая нагода, каб заявіць ці нагадаць пра сябе. Асабліва калі ўлічваць спэцыфіку палітычнага жыцьця Беларусі, дзе фактычна не працуюць сталыя мэханізмы канкурэнтнай палітыкі, і толькі такія кампаніі ёсьць легальным палігонам, калі можна падняць свой рэйтынг.

Акрамя гэтага, безумоўна, ёсьць і матэрыяльны чыньнік — магчымасьць прыцягнуць нейкія рэсурсы. Ці ўдасца Саньнікаву падгрэбсьці пад сябе нейкія структуры, якія дапамогуць яму сабраць сто тысяч подпісаў? Вялікае пытаньне. Бо рэсурсы цяпер абмежаваныя. Захад ужо не ў такой ступені, як раней, падтрымлівае беларускую апазыцыю. Да таго ж ёсьць «монстры» — блёкі БНБ і АДС, якія маюць трывалыя пазыцыі, сувязі за мяжой — яны і будуць змагацца за рэсурсы. І ім не патрэбныя канкурэнты.

Цыганкоў: Эўрапейскую Беларусь Саньнікава і Статкевіча вы, як я разумею, «монстрам» ня лічыце?

Класкоўскі: Гэта «брэнды». І выбарчая кампанія — якраз той выпадак, калі можна выставіць на таргі тыя брэнды і паспрабаваць пераарыентаваць плыні падтрымкі.

«Купіць» партыю сёньня Саньнікаву ня ўдасца


Цыганкоў: Калі ў 2006-ым годзе вылучаўся Аляксандар Казулін, то ён узначаліў сацыял-дэмакратычную партыю, як кажуць на палітычным сленгу, «купіў» партыю. Ці можа такое зрабіць Саньнікаў?

Мацкевіч: Наўрад ці. Бо стартавыя ўмовы Казуліна і Саньнікава вельмі адрозныя. Калісьці «Хартыя» зьбірала подпісы ў 1997 годзе, і тады пад зваротам было сабрана звыш 120 тысячаў. Але гэта былі іншыя ўмовы і не было «дэдлайну», які існуе ў выбарчай кампаніі. Сёньня ў Саньнікава няма такіх магчымасьцяў і няма магчымасьцяў «купіць» нейкую сілу, бо сёньня на таргі ніхто і не выстаўляецца. Тыя рэшткі палітычных рэсурсаў, якія захаваліся ў Беларусі, яны кожны прывязаныя да пэўных пэрсаналіяў, і паўтарыць ход Казуліна не ўдасца.

Калі ўспомніць выбары 2001 году, то тады палітычныя сілы шукалі прывабную фігуру, ня вельмі зьвязаную з партыямі — Ганчарыка, Домаша — каб яе вылучыць. У гэтым сэнсе Саньнікаў не падпадае ні пад ніякі трафарэт пошуку патрэбнага кандыдата. Гэта тыповы піяр-ход.

«Гэтыя выбары асноўнымі гульцамі разглядаюцца як тэхнічныя»


Цыганкоў: Як на сёньня выглядае патэнцыйны сцэнар прэзыдэнцкай кампаніі? Вылучыліся Міхалевіч і Саньнікаў, іншыя, з большымі магчымасьцямі — Мілінкевіч, Калякін — пакуль трымаюць паўзу. Ці можна сказаць, што выбары будуць падобнымі на варыянт 2001 году, калі вылучалася вельмі шмат чалавек, і потым вызначалі, хто больш сабраў падтрымкі, подпісаў, паплечнікаў? Выглядае, што варыянт 2006 году, калі кандыдата выбіраюць нейкім Кангрэсам, Сходам, праймэрыз, — выглядае ўжо малаверагодным.

Класкоўскі: На далоні, па-першае, ляжыць выснова, што ў апазыцыі няма адзінства, як не банальна гэта прагучыць. І няма нейкай адзінай моцнай стратэгіі — стратэгіі перамогі. І — хаця лідэры абурана скажуць, што гэта ня так — але фактычна гэтыя выбары асноўнымі гульцамі разглядаюцца як тэхнічныя. Усе амбіцыйныя пляны будуюцца ў разьліку на аддаленую пэрспэктыву, на тое, што наступная кадэнцыя для Лукашэнкі будзе вельмі цяжкая, і вось тады ўжо пачнуцца тэктанічныя працэсы.

Мы бачым, што палітыкі-адзіночкі імкнуцца злавіць сваю ўдачу, а галоўныя гульцы сапраўды не сьпяшаюцца. І цяпер, як трапна выказаўся спадар Чавусаў, ідзе «кастынг» прэтэндэнтаў, якія
У выніку будуць два кандыдаты ад апазыцыі. Дарэчы, гэта найзручнейшы варыянт для Лукашэнкі.
перасьледуюць пераважна піяраўскія мэтады.

Ну сапраўды, калі казаць пра зьмястоўную частку, — то што новага можа прапанаваць спадар Саньнікаў? Не выпадкова, што ён зрабіў ужо некалькі заяваў, але ўхіляецца ад пытаньня пра сваю праграму. Прагучалі толькі ня самыя арыгінальныя тэзісы, што трэба бараніць незалежнасьць Беларусі.

Вось Міхалевіч спрабуе сябе прапанаваць як трэцюю сілу, ня ўлада і не апазыцыя. Казулін меў імідж тэрмінатара, марпеха, які ідзе напралом. Што да Саньнікава, то тут праблематычна, ці будзе прапанавана нешта сьвежае і арыгінальнае ў сэнсе лёзунгаў. Але галоўнае на пачатковым этапе — ня лёзунгі, а здольнасьць прыцягнуць рэсурсы. Але тут, як я казаў, ёсьць буйныя гульцы, якія не пацерпяць канкурэнтаў. Таму вельмі малыя шанцы, каб Саньнікаў змог сабраць гэтыя сто тысячаў подпісаў. На пэўным этапе спрацуе прынцып «натуральнага адбору», і ў выніку будуць два кандыдаты ад апазыцыі. Дарэчы, гэта найзручнейшы варыянт для Лукашэнкі.

«Сама апазыцыйная супольнасьць найбольш імкнецца патапіць Мілінкевіча»


Мацкевіч: Я лічу, што гэтая кампанія цалкам паўтарае ня вельмі выразныя сцэнары, якія былі ў ранейшых кампаніях. Пакуль вылучаюцца тыя, хто імкнецца раней заявіць пра сябе, каб гучней прагучаць. Я асабіста лічу, што стан палітычнага поля такі, што наўрад ці можна разьлічваць нават на вылучэньне двух кандыдатаў. Нейкія шанцы захоўвае толькі адзін. І я па-ранейшаму бачу ў якасьці такога патэнцыйнага кандыдата Мілінкевіча, і менавіта супраць яго накіраваныя ўсе спробы дыскрэдытацыі і гэтак далей. Сама апазыцыйная супольнасьць найбольш імкнецца патапіць Мілінкевіча. Менавіта ён мае найбольшыя шанцы, каб стаць рэалістычным кандыдатам. Шанцы не на перамогу, а на тое, каб вылучыцца і, аб’яднаўшы агульныя сілы, сабраць неабходныя сто тысяч подпісаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG