Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пасольства Польшчы перадалі зварот ад 24 тысяч палякаў


Намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Станіслаў Касьпяровіч паведаміў агенцтву БЕЛТА, што ў пасольства Польшчы перададзены зварот ад імя 24 тысяч палякаў Беларусі. Зварот накіраваны на прэзыдэнту, маршалкам Сэнату і Сэйму, а таксама прэм’ер-міністру Польшчы.

Станіслаў Касьпяровіч паведаміў, што падпісанты звароту прадстаўляюць усе рэгіёны краіны. «Большасьць зь іх не ўваходзяць ні ў якія палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні і саюзы. Гэта простыя грамадзяне, якім дарагі гонар іх краіны».

У звароце, у прыватнасьці, напісана: «Анжаліка Борыс і яе невялічкае атачэньне не ўпаўнаважаныя прадстаўляць інтарэсы польскай меншасьці, якая жыве ў Беларусі. Гэтыя людзі дыскрэдытуюць сябе парушэньнем законаў нашай дзяржавы, бесьперапыннымі спробамі распаліць канфлікт сярод палякаў».

Удзельнікі звароту просяць арганізаваць ім сустрэчу прадстаўнікоў Саюзу палякаў з афіцыйнымі асобамі Польшчы і заклікаюць «зрабіць захады, каб спыніць разгул фальшу ў польскіх СМІ».

БЕЛТА паведамляе, што супрацоўнікі польскай амбасады прынялі зварот і запэўнілі, што перададуць яго дыпляматычнай поштай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG