Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жаляпаў: Мы больш за 10 гадоў працуем на выбарах, а нам кажуць “няма досьведу”


Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў

Віцебская грамадзкая арганізацыя «Самакіраваньне і грамадзтва» вылучыла 9 прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, а зарэгістравалі зь іх толькі аднаго.

Кіраўнік «Самакіраваньня і грамадзтва» Хрыстафор Жаляпаў кажа, што будзе патрабаваць пісьмовых тлумачэньняў ад Наваполацкага гарвыканкаму, Верхнядзьвінскага і Гарадоцкага райвыканкамаў, чаму сябры менавіта гэтай арганізацыі сталіся «лішнімі». 30 адсоткаў ва ўчастковых камісіях павінны складаць вылучэнцы ад партый і грамадзкіх утварэньняў, але «не хапіла месца» менавіта дэмакратычным актывістам.

Праз тэлефон работнікі выканкамаў паведамілі, што вылучэнцы ад «Самакіраваньня і грамадзтва» нібыта ня маюць досьведу працы на выбарах. І Хрыстафор Жаляпаў з гэтым ня згодны, бо вылучаныя ў камісіі людзі рэгулярна бралі ўдзел у выбарчых кампаніях на працягу больш як дзесяці апошніх гадоў.

Леанід Гаравы з Гарадку мае яшчэ большы «стаж»: ён некалькі гадоў працаваў дырэктарам школы і ў той час нават узначальваў участковыя камісіі, а таксама некалькі разоў балятаваўся ў дэпутаты саветаў розных узроўняў, быў дэпутатам Гарадоцкага райсавету 24-га скліканьня.

Зрэшты, толькі наконт гэтага сябра рады руху «За свабоду» і актывіста БСДП (Грамада) у Гарадоцкім райвыканкаме далі канкрэтнае тлумачэньне: маўляў, зь ім немагчыма супрацоўнічаць, бо ён замінае працы сваімі скаргамі на розныя парушэньні заканадаўства. Такім чынам, Леаніду Гаравому адмовілі тройчы: яго не ўключылі ні ў раённую, ні ў акруговую, ні ўва ўчастковую выбарчую камісіі.

Хрыстафор Жаляпаў, які каардынуе на Віцебшчыне працу руху «За свабоду», падкрэсьлівае, што сябры арганізацыі «Самакіраваньня і грамадзтва» імкнуліся трапіць у камісіі тых акругаў, дзе зьбіраюцца балятавацца дэмакратычныя і апазыцыйныя актывісты. І менавіта ў гэтым — сапраўдная прычына адмоваў. Ён кажа, што цяпер уся надзея — на назіральнікаў за выбарчым працэсам, якіх «Самакіраваньне і грамадзтва» абавязкова будзе вылучаць.
XS
SM
MD
LG