Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар гомельскага ўнівэрсытэту забараніў збор подпісаў, бо “палітычная акцыя”


Аляксандар Рагачоў

Аляксандар Рагачоў

Гомельскі актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Андрэй Аксёнаў абскардзіў пракурору Чыгуначнага раёну забарону рэктара ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны на збор подпісаў у інтэрнаце № 4.

«Мы зьвярнуліся зь лістом да кіраўніцтва ўнівэрсытэту, — паведаміў спадар Аксёнаў. — Прасілі дазволу ўсталяваць у фае інтэрнату стол і два крэслы, каб зьбіраць подпісы ў студэнтаў за вылучэньне нашага актывіста Мікалая Калюкі кандыдатам у дэпутаты гарадзкога й абласнога саветаў. Рэктар Аляксандар Рагачоў адказаў нам, што «збор подпісаў ініцыятыўнай групай у падтрымку прэтэндэнта ў дэпутаты зьяўляецца палітычнай акцыяй». Паводле ж унівэрсытэцкага статуту, ва ўстанове «не дапускаецца дзейнасьць палітычных партыяў, арганізацыяў, а заадно і часовых фармаваньняў, якія ставяць палітычныя мэты».

Адмову рэктара й аспрэчвае спадар Аксёнаў у пракуратуры, бо пастанова Цэнтравыбаркаму не забараняе зьбіраць подпісы ў інтэрнатах, абы толькі чальцы ініцыятыўнай групы выконвалі правілы ўнутранага распарадку. Ініцыятыўная група наагул ня ставіць ніякіх палітычных мэтаў — яна хоча сабраць подпісы ў тых студэнтаў, якія валодаюць выбарчым правам.

Апрача таго, спадар Аксёнаў зьвяртае ўвагу пракурора на тое, што ў горадзе 9 выбарчых участкаў разьмешчаны менавіта ў будынках унівэрсытэтаў, а выбарчы ўчастак № 40 — непасрэдна ў інтэрнаце ўнівэрсытэту імя Сухога.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG