Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Міхайлаў за 4 дні да заканчэньня трохмесячнага арышту за ўхіленьне ад вайсковай службы адпушчаны на волю. 15 сьнежня Івана арыштавалі і да суду трымалі пад вартай. Хлопец прасіў даць яму як верніку магчымасьць служыць у рэзэрве, але ваенкамат яму адмовіў.

За тыдзень да заканчэньня тэрміну зьняволеньня Менскі абласны суд прызнаў рашэньне раённага незаконным і пастанавіў да новага разбору Івана выпусьціць з-пад варты.

Іван Міхайлаў знаходзіцца дома са сваёй сям’ёй. Паводле судовага рашэньня ён мусіць чакаць суду бяз права пакідаць пасёлак Шчомысьліца. Да арышту хлопец працаваў і матэрыяльна дапамагаў сваім бацькам гадаваць сясьцёр і брата. Ён распавёў, што сёньня яму нарэшце ўручылі падарункі, якія падрыхтавалі да сьвяткаваньня Новага году, дня народзінаў і нават дня абаронцы Айчыны.

15 сьнежня Іван упершыню трапіў за краты сьледчага ізалятара і цяпер можа параўнаць яго з калёніяй. Паколькі Міхайлава пакаралі арыштам, ён адбываў пакараньне ў адмысловым месцы — гэта крыло Жодзінскага сьледчага ізалятара, які адвялі для адбыцьця арышту, бо ў краіне дагэтуль не пабудавалі арыштных дамоў. Раней там адбываў арышт Валер Шчукін.

Іван падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

Вельмі важна, што гэта выклікала рэзананс, бо пытаньне пра альтэрнатыўную службу не закрытае.
«Там зроблены лепшы рамонт — плітка, шклопакеты замест старых драўляных. Ну й адносіны больш простыя, лепшае стаўленьне да пакараных».

Іван Міхайлаў не чакаў, што ягоны прысуд выкліча такі рэзананс у грамадзтве.

«Суд дазваляў спатканьні, а на спатканьнях мне ўжо бацькі, сястрычкі, у тым ліку, Юлька, якая сама ўдзельнічала ў акцыях, распавядалі пра тое, што расьцяжкі вывешваюць, што акцыі адбываюцца. Быў нават часам зьдзіўлены, калі лісты даходзілі з-за мяжы ад каго-небудзь, што мяне прызналі вязьнем сумленьня і што ўвогуле такі ёсьць рэзананс і прэса піша.

Мне, вядома, было прыемна гэта. Увогуле, падтрымка вельмі важная. Вельмі важна, што гэта выклікала рэзананс, бо пытаньне пра альтэрнатыўную службу не закрытае».

Іван Міхайлаў паведаміў, што прасіў ваенкамат даць яму магчымасьць як верніку хрысьціянскай мэсіянскай суполкі служыць у рэзэрве. Цяпер ён будзе ўдзельнічаць у кампаніі «За альтэрнатыўную службу». Ён спадзяецца, што да пачатку новага судовага паседжаньня ў краіне пачне дзейнічаць адпаведны закон.
XS
SM
MD
LG