Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста судзяць за “самаўпраўства”


Аляксандар Дзянісаў пасьля суду.

Аляксандар Дзянісаў пасьля суду.

Сёньня ў Горадні пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы сябра БАЖ Аляксандра Дзянісава. На яго складзены адміністрацыйны пратакол аб «самаўпраўстве». Судзьдзя Ленінскага раённага суду Ксенія Стасюкевіч зачытала пратакол, складзены ўчастковым Друцём пра тое, што Аляксандар Дзянісаў браў інтэрвію, ня будучы журналістам, ня маючы на тое паўнамоцтваў.

Напярэдадні дзяржаўнае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім журналіст абвінавачваўся ў тым, што рыхтаваў сюжэт для тэлеканала Белсат, ня маючы акрэдытацыі. У працэсе зроблены перапынак да 12 сакавіка.

Інцыдэнт здарыўся 18 лютага ў 28-й гарадзенскай школе. Пратакол участковы Пётар Друць склаў праз чатыры дні. Адвакат Уладзімір Кісялевіч зьвярнуў увагу суду на тое, што міліцыянт не падпісаў пратакол, значыцца, паперу трэба вярнуць назад. Судзьдзя з гэтым пагадзілася.

Пакінуўшы судовыя сьцены, Аляксандар Дзянісаў патлумачыў:

«Калі зайшла мова пра тое, чым я займаюся ў школе, я сказаў, што ствараю дакумэнтальны фільм, сам для сябе. Я не казаў, што раблю гэта для БАЖ, але калі ў мяне спыталі дакумэнты, я паказаў пашпарт і пасьведчаньне БАЖ. Калі ў дырэктара школы Ахметава ўзьнікла пытаньне — а навошта гэта вам? — я адказаў, што я гісторык, мне цікавая гэтая тэма. Па-другое, лічу сябе журналістам, а тое, што не працую на дзяржаўныя СМІ, гэта ні пра што ня сьведчыць. А тэма была — „Гродназнаўства“, стварэньне падручніка і правядзеньне такога факультатыву, тэма вельмі нэўтральная. Ніякай пагрозы для дзяржавы ды існаваньня дзяржструктураў яна не ўяўляе».
XS
SM
MD
LG