Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сытуацыя вакол саюзу палякаў вынесена на эўрапейскі ўзровень”


Сёньня ў Страсбуры Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі. Як яе камэнтуюць у Менску?

Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, прынятая 10 сакавіка, самая жорсткая за апошні час, бо там згадваецца пра магчымасьць увядзеньня санкцыяў, калі ня будзе пэўных зрухаў наперад.

Аляксандар Казулін
«Гэта сьведчыць аб тым, што эўрапейцы зараз пачынаюць асэнсоўваць, што ёсьць насамрэч, І што ёсьць словы, а ёсьць рэаліі, ад якіх нікуды ня дзенесься. І Лукашэнка гуляе зь імі ў свае гульні, а яны становяцца інструмэнтам. І толькі цяпер яны пачынаюць разумеюць, што яны інструмэнт, а не партнэр. Калі немагчыма весьці дыялёг і калі няма партнэрства, то што тады застаецца?

Зразумела, што палітыка Эўразьвязу зараз ужо пацярпела пэўнае фіяска. Але прызнацца адразу ў гэтым вельмі цяжка. Таму яны пакідаюць адчыненымі дзьверы. Але ўжо ёсьць пэўныя спадзяваньні , што яны пачынаюць расплюшчаць вочы і бачыць, што ёсьць насамрэч».

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Віктар Карняенка адзначае, што ў рэзалюцыі ёсьць канкрэтыка — гаворыцца пра рэгістрацыю канкрэтных арганізацый і згадваецца пра магчымыя санкцыі.

Віктар Карняенка
«Эўропе таксама трэба захаваць свой твар. Яна ня можа ўвесь час не заўважаць таго, што тут адбываецца насамрэч. І згадка пра санкцыі выклікана раздражненьнем Эўропы тым, што, фактычна, руху наперад у галіне дэмакратыі вельмі мала ў Беларусі. І гэта не задавальняе Эўропу. Таму і згадана пра санкцыі.

Рэзалюцыя больш канкрэтная, хаця зразумела, што ад рэзалюцыі чакаць шмат, нейкага палітычнага выніку складана. Перабольшваць яе значэньне таксама не выпадае. Больш за ўсё мяне задавальняе, што там узгаданы канкрэтныя арганізацыі, хаця ня ўсе. І гэта індыкатар таго — мяняецца нешта ў краіне ці не. Канкрэтна там ёсьць „Вясна“, „БХД“, Саюз палякаў. Вось, калі ласка, менавіта па гэтых арганізацыях, а не па „Белай Русі“, будуць адсочваць рэальныя зьмены ў краіне. Думаю, што гэта больш сур’ёзна, чым раней».

Значная частка рэзалюцыі Эўрапарлямэнту прысьвечана сытуацыі вакол Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Актывіст саюзу Анджэй Пачобут адзначыў:

Анджэй Пачобут
«Безумоўна, мы задаволеныя тым, што цяпер сытуацыя вакол палякаў не зьяўляецца толькі спрэчкай, якая тычыцца Беларусі і Польшчы. Па сутнасьці, гэтае пытаньне гэтай рэзалюцыяй вынесена на эўрапейскі ўзровень. Мы вельмі задаволеныя, што вырашэньнем нашага пытаньня цяпер будуць займацца, між іншым, эўрапейскія дыпляматы. Гэта ўзмоцніць пазыцыі нашай арганізацыі».

Паводле палітоляга Юрася Чавусава, гэтая рэзалюцыя, як і папярэднія, працягвае крытычны падыход да сытуацыі з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі. Але яна іншая паводле структуры, і асноўным імпульсам для яе прыняцьця была сытуацыя вакол саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.

«Што адрозьнівае гэтую рэзалюцыю ад папярэдніх — Эўрапарлямэнт пералічвае канкрэтныя выгоды, якія Беларусь можа атрымаць у зьвязку з выпраўленьнем сытуацыі з правамі чалавека. Названы інстытуцыі, названа наўпрост слова — пазыкі ад міжнародных фінансавых інстытуцыяў, магчымасьць вяртаньня Беларусі ў генэральную сыстэму гандлёвых прэфэрэнцый Эўразьвязу.
Юрась Чавусаў
Гэта пералік канкрэтных вымяральных эканамічных выгод, якія Беларусь можа атрымаць у выпадку паляпшэньня сытуацыі».

Ці можна казаць пра зьмену эўрапейскай палітыкі да Беларусі, зыходзячы з гэтай рэзалюцыі?

«Зараз прыхільнікі крытычнага стаўленьня да беларускіх уладаў маюць што сказаць. Прыняцьцё гэтай рэзалюцыі сталася вынікам лабісцкіх высілкаў найперш польскіх дэпутатаў. Пра нейкае кардынальнае зьмяненьне эўрапейскай палітыкі на гэты момант казаць зарана. Вось гэтая сытуацыя чаканьня будзе вызначаць палітыку ЭЗ у 2010 годзе. Усё ж усе думаюць аб прэзыдэнцкіх выбарах і пра тое, якім чынам сытуацыя ў Беларусі будзе разьвівацца ў кантэксьце гэтых выбараў. Гаворка пра тое як гэтыя выбары паўплываюць на дэмакратыю і на сытуацыю з правамі чалавека ў краіне».

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі рэзалюцыю Эўрапарлямэнту пакуль не камэнтуюць.
XS
SM
MD
LG