Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня раённыя выканкамы завяршаюць фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Іх у Беларусі амаль шэсьць з паловай тысяч. А заўтра стануць вядомыя каля 70 тысяч прозьвішчаў людзей, якія будуць весьці непасрэдны падлік бюлетэняў.


Сёньня выканкам Фрунзэнскага раёну Менску фармаваў участковыя выбарчыя камісіі. Зьнешне ўсё выглядала прыстойна. На паседжаньне дапусьцілі журналістаў, прадстаўнікоў палітычных партый, грамадзкіх арганізацый. Сярод іх, у прыватнасьці, — руху “За свабоду” і Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Прагучалі наступныя лічбы: усяго падалі заявы на працу ў камісіях 1781 чалавек. Зь іх зацьвердзілі — 1516. У складзе камісіяў 82% — вылучэнцы палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Удзельнікам паседжаньня не забаранялі задаваць пытаньні, давалі магчымасьць коратка выступіць. Праўда, прозьвішчаў тых, хто ўвайшоў у камісіі, так і не назвалі. Маўляў, цяжка зачытваць сьпіс з паўтары тысячы чалавек. Паабяцалі — прыходзьце заўтра, сьпіс будзе вывешаны, усё ўбачыце на ўласныя вочы. А сярод прэтэндэнтаў на месцы ў камісіях было шмат вядомых дэмакратычных актывістаў: Віктар Карняенка, Іна Кулей, Аляксей Кавалец, Алесь Таўстыка...

Удзельнік сёньняшняга паседжаньня Андрэй Сушко — прафэсійны юрыст, сябра руху “За свабоду” — параўноўвае атмасфэру сёлетніх і папярэдніх мясцовых выбараў. Зьнешне сёлета як быццам усё лепш, канстатуе ён:

“Паводле фармальных юрыдычных працэдураў я не заўважыў нейкіх парушэньняў. Фармальна ўсё было правільна. Улады спрабавалі ўжыць новыя нормы Выбарчага кодэксу — тое, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і прадстаўнікі тых, хто вылучаецца кандыдатамі ў дэпутаты, могуць прысутнічаць на пасяджэньнях адміністрацыі”.

Сапраўды, раней ва ўчастковых камісіях не было столькі вылучэнцаў ад партый і грамадзянскай супольнасьці, цьвердзіць Андрэй Сушко. Аднак трэба ведаць, якія канкрэтна гэта арганізацыі, кажа юрыст:

“Бальшыню тут будуць складаць, я так думаю, “Белая Русь”, БРСМ, афіцыйныя прафсаюзы, праўладныя камуністы, лібэральна-дэмакратычная партыя. Нездарма прадстаўнік адміністрацыі ўпарта даводзіў, што прадстаўнікі некаторых партый і грамадзкіх арганізацый прыходзілі ў адміністрацыю, настойліва пераконвалі, што менавіта іх трэба ўключаць у камісіі”.

Спадар Сушко падсумоўвае:

“У рэчышчы так званай лібэралізацыі зьмянілася рыторыка, зьмяніўся зьнешні бок справы. Але далей я пакуль, на жаль, сур'ёзных зьмяненьняў ня бачу”.

У офісе руху “За свабоду” кажуць, што такія вонкавыя зьмены закранулі толькі вялікія гарады, найперш сталіцу. А на пэрыфэрыі пераважна ўсё застаецца, як і падчас папярэдняй кампаніі.
XS
SM
MD
LG