Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікалаю Аўтуховічу і ягоным саўдзельнікам пагражае сьмяротная кара


У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс над чатырма грамадзянамі, тры зь якіх, у тым ліку Мікалай Аўтуховіч, абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых чыноўнікаў.

Усіх грамадзянаў, якія жадалі прайсьці на працэс, а таксама некаторых журналістаў у суд не пусьцілі — быццам бы не хапіла месцаў. Урэшце з 15-хвілінным спазьненьнем судзьдзя Аляксей Цяцюхін пачаў першы ў гісторыі Беларусі працэс над абвінавачанымі ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту.



Судзьдзя Цяцюхін: «Паседжаньне Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь абвяшчаецца адкрытым. Разьбірацца будзе крымінальная справа паводле абвінавачаньня Аўтуховіча Мікалая Мікалаевіча паводле часткі 3 артыкула 196 Крымінальнага кодэксу...»

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць адразу паводле 7 артыкулаў, сярод якіх наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці, незаконныя дзеяньні са зброяй і, самае сур’ёзнае — саўдзел у тэракце. Максымальнае пакараньне за гэтае злачынства — пажыцьцёвае зьняволеньне ці нават сьмяротная кара. Тое самае пагражае былому супрацоўніку падатковай службы Ваўкавыску Ўладзімеру Асіпенку і жыхару расейскага Нальчыка Аляксандру Ларыну, які ўжо адбывае тэрмін у калёніі за крымінальнае злачынства. Таксама на лаве падсудных — былы капітан міліцыі з Гародні Міхаіл Казлоў, якога абвінавачваюць у службовым бязьдзеяньні. Заўважу, што Аляксандар Ларын выказаўся супроць фотаздымкі падчас працэсу. Астатнія абвінавачаныя не пярэчылі, каб іх здымалі, але судзьдзя прыняў рашэньне фотаздымку спыніць. Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка і Міхаіл Казлоў з жалезнай клеткі ніякіх заяваў для журналістаў не рабілі. Выглядаюць абвінавачаныя нармальна.

На самым пачатку працэсу Мікалай Аўтуховіч зьвярнуўся да суду адразу зь сямю хадайніцтвамі. Самае істотнае, што ён папрасіў час на азнаямленьне са справай, бо ў турме не дазвалялі рабіць копіі і некаторыя дакумэнты не ўдалося вывучыць. Таксама Аўтуховіч папрасіў разглядаць справу ў Менскім гарадзкім судзе ці ў Гарадзенскім абласным. Гэтае хадайніцтва было адхіленае, а вось наконт азнаямленьня — задаволенае. У выніку быў абвешчаны перапынак да 16 сакавіка. Але яшчэ да гэтага рашэньня Мікалай Аўтуховіч заявіў, што падчас сьледзтва на яго чыніўся ціск, яго прымушалі агаварыць сябе, а таксама схілялі Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку даць паказаньні супроць яго. Вось толькі адзін момант з таго, што казаў пра гэта Мікалай Аўтуховіч:

«Мне таксама вядома пра ціск на Лявонава, калі той быў у сьледчым ізалятары. Яму казалі, што калі не дасі паказаньні на Аўтуховіча, то атрымаеш такі тэрмін, што ў цябе ня вытрымае галава. Таксама з матэрыялаў справы бачна, як супрацоўнікі міліцыі апрацоўваюць Асіпенку, як даюць яму зразумець, якіх паказаньняў ад яго чакаюць адносна Аўтуховіча. Казалі, што адпусьцяць яго дамоў на вясельле дачкі, але гэта трэба зарабіць. Яго прасілі выступіць перад тэлебачаньнем і паказаньнямі супроць Аўтуховіча зарабіць сабе свабоду».



Таксама Аўтуховіч прасіў суд вывучыць абставіны, у якіх даваў паказаньні Ларын — нібыта яны адрозьніваюцца. Але суд і гэтае хадайніцтва не задаволіў.

У суд падтрымаць Аўтуховіча і Асіпенку прыйшлі іх сваякі, а таксама некалькі дзясяткаў грамадзянаў, у тым ліку праваабаронцы, палітыкі — Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Аляксандар Макаеў, Валер Фралоў, прадстаўнік офісу АБСЭ, актывісты «Маладога фронту» і «Эўрапейскай Беларусі». Вось што сказаў па выхадзе з судовай залі Павал Севярынец:

Павал Севярынец
"Гэта відавочна спэктакль, а ня суд. Спэктакль выяўляецца ў тым, што прэсу выдаляюць на просьбу аднаго абвінавачанага. Гэты абвінавачаны — відавочна чужы сярод сваіх, сядзіць асобна на лавачцы, робіць супрацьлеглыя заявы. Гэта я пра Ларына. І, апроч гэтага, суд не задавальняе абсалютна законныя хадайніцтвы".

А вось меркаваньне пра пачатак працэсу праваабаронцы Людмілы Гразновай:

Людміла Гразнова
"Фармальна судзьдзя робіць такі выгляд, што закон для яго на першым месцы. А тое, што даў яшчэ тыдзень на вывучэньне справы? Магчыма, гэта з-за таго, што ўлады яшчэ ня ведаюць, што ў выніку рабіць з гэтай справай, яшчэ ня вызначыліся«.

Пацярпелымі ў гэтай справе прызнаныя некалькі чыноўнікаў з Ваўкавыску, а таксама былы старшыня Гарадзенскага абласнога выканкаму Ўладзімер Саўчанка. Але сёньня на працэс спадар Саўчанка гэтак і не зьявіўся.



Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка і Юры Лявонаў былі арыштаваныя ў Ваўкавыску 8 лютага 2009 году. У жніўні з-пад варты вызвалілі Юрыя Лявонава і пазьней зьнялі зь яго ўсе абвінавачаньні. Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка вінаватымі сябе ніколі не прызнавалі і казалі пра перасьлед за іх антыкарупцыйную дзейнасьць. Паводле зьвестак, былы міліцыянт Міхаіл Казлоў спрабаваў даказаць невінаватасьць Мікалая Аўтуховіча. Крыніцы паведамляюць, што Аляксандар Ларын, які раней працаваў на фірме Аўтуховіча «Ніка-транс», першым даў паказаньні супроць свайго былога начальніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG