Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над “Бабруйскім жыццём” адклалі на няпэўны час


 Сяргей Еўдакімовіч
Сяргей Еўдакімовіч

Сёньня суд Бабруйску й Бабруйскага раёну адклаў на няпэўны час разгляд скаргі актывіста незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу Сяргея Еўдакімовіча на газэту гарвыканкаму “Бабруйскае жыццё”.


Паводле актывіста, судзьдзя Тацяна Ціткова аргумэнтавала неабходнасьць адкладу адсутнасьцю дакумэнтаў зь міліцыі:

“Міліцыя праводзіла пяць праверак і дасылала пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Там павінны быць усе допыты сьведак, а таксама пошукі аўтара ананімнага ліста. Карацей, уся міліцэйская праверка за год. Гэтых дакумэнтаў цяпер няма. Яны некуды зьніклі. Іх нехта ўзяў і цяпер ня могуць знайсьці. Бяз гэтых дакумэнтаў мы ня можам выклікаць сьведак на працэс”, — зазначае Сяргей Еўдакімовіч.

Адказчыкамі на судзе выступаюць галоўны рэдактар “Бабруйскага жыцця” Аляксандар Казак, журналісты выданьня Аляксандар Гайшун і Аляксандра Калініна, а таксама Натальля Смыслова — старшыня раённай арганізацыі “Белай Русі” ды Аляксандар Чарнін, які ў верасьні 2008 году займаў пасаду другога сакратара бабруйскага БРСМ, а цяпер працуе ў структурах выканаўчай улады.

Актывіст зьвязвае зьнікненьне дакумэнтаў з тым, што ўлада не зацікаўленая ў правядзеньні гучнага працэсу:

“Дата суду ня вызначана. Яны ня ведаюць, што рабіць, і таму ўзялі тайм-аўт. Паводле тых матэрыялаў, якія мы падалі, адказчыкаў трэба караць. Адвакат будзе хадзіць і даведвацца, ці знайшліся матэрыялы зь міліцыі, а потым будзем зь імі знаёміцца. Тады судзьдзя й назаве дзень суду. Галоўны рэдактар “Бабруйскага жыцця” даў сёньня зразумець, што наперадзе цэлае лета і ўва ўсіх будуць адпачынкі”.

Нагодай для судовага працэсу стаўся шэраг публікацыяў зьневажальнага характару, якія зьявіліся ў час, калі праводзіліся выбары ў Палату прадстаўнікоў 2008 году. Гэтыя публікацыі паўплывалі на вынік галасаваньня выбарцаў, сьцьвярджае актывіст. Паводле яго, ён больш як год шукаў праўды ў пракуратуры й міліцыі.

25 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды Сяргей Еўдакімовіч мае намер аддаць сіротам. Праз суд актывіст будзе таксама патрабаваць, каб “Бабруйскае жыцьцё” надрукавала абвяржэньне зьневажальных публікацыяў.

Сяргей Еўдакімовіч — сябра няўрадавай арганізацыі “Грамадзянскі форум”, а таксама аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу. Актывіст балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Бабруйскай-Першамайскай выбарчай акрузе № 79. У Бабруйску ён 14 гадоў працуе мэдыкам. Скончыў на “выдатна” тамтэйшую мэдычную вучэльню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG