Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч: “У гістарычным цэнтры — спрэс парушэньне заканадаўства"


Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч адказвае на пытаньні слухачоў Радыё Свабода:


Natallj:
"Спадар Антось!Шчыра вітаю! Поспехаў Вам, моцы духу і трывалага здароўя! Як Вы ставіцеся да распродажу нацыянальнай спадчыны расейцам? (Сядзіба Краскі)".

"Які б інвэстар ні быў — з Расеі ці з Захаду, але ж калі гісторыка-культурны аб'ект набываецца замежным інвэстарам, то самае галоўнае, каб пры адраджэньні гэтага аб'екта цалкам выконвалася нацыянальная нарматыўна-прававая база. Што тычыцца Красак, то гэтая тэрыторыя — Ваўкавыскага раёну, і зараз я вельмі шчыльна працую з Ваўкавыскім райвыканкамам, каб пры правядзеньні работ там не было парушэньняў. Каб яны праводзіліся па адпаведных мэтодыках і ў рэчышчы закону".

Ірына Горад, Менск: "Антон, а чаму помнікі наогул трэба ахоўваць? Ці так ужо кепска, што ў Менску зьўляюцца новыя будынкі?"

"Вельмі цудоўна, няхай гэтыя будынкі зьяўляюцца ў Серабранцы, у Сухарава, але ж гістарычны цэнтар — гэта наша гістарычная і нацыянальная матрыца памяці. І прабачце мяне, але гэты наш сялянска-калгасны падыход, калі людзі лічаць, што любое новае лепшае, чым старое, — гэта сьведчыць пра ўзровень нясьпеласьці розуму, нясьпеласьці грамадзтва. Калі мы будзем так падыходзіць, то ў нас ня будзе ніякіх пэрспэктыў, бо мы павінны грунтавацца на сваёй культуры. А культура найперш захоўваецца ў яе матэрыяльных здабытках, а пасьля ўжо ў духоўных".

Паліна, Ворша: "Ці верыце вы ў тое, што гістарычны цэнтар Менску некалі будзе адноўлены?"

"Каб я ня верыў, то я б гэтым не займаўся".

Пётрусь, Гомель: "Вы ня раз выказваліся, што некалі можна будзе рэгэнэраваць цэнтры нашых гарадоў. А як вы бачыце гэта практычна? У новых будынкаў у цэнтры, напырыклад, Менску будуць свае ўласьнікі — нехта за іх заплаціў грошы. Куды ж ім дзецца? І куды дзецца, напырклад, жыхарам жылога дому на Нямізе, калі аднаўляць Нямігу гістарычную?"

"Што тычыцца сучасных уласьнікаў гэтых службовых будынкаў, трэба гаварыць так, што гэта праблемы інвэстара, калі яны ўкладалі грошы з парушэньнем заканадаўства. Яны павінны ведаць, што рана ці позна, але яны гэтыя грошы страцяць, і мне іх будзе не шкада. Бо калі ўкладаеце грошы, то ўкладайце паводле закону. А тое, што робіцца ў гістарычным цэнтры, — гэта спрэс парушэньне заканадаўства.

Калі ж гаварыць пра дом на Нямізе і куды дзенуцца людзі, то вядомы беларускі архітэктар Уладзімер Папруга яшчэ некалькі год таму распрацаваў праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру Менску, які ўлічвае нават сучасную горадабудаўнічую сытуацыю. Гэта ўсё мажліва, нават не зачапіўшы дом на Нямізе, нават не наступаючы на інтарэсы прыватных асобаў".


Слухаць гутарку Сяргея Абламейкі з Антонам Астаповічам у начным эфіры:
XS
SM
MD
LG