Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29-я рэзалюцыя Эўрапарлямэнту за 15 гадоў


Першая рэзалюцыя па сытуацыі ў Беларусі была прынятая Эўрапарлямэнтам увосень 1995 году. З таго часу іх, улічваючы рэзалюцыю, якая цяпер разглядаецца ў Эўрапарлямэнце, было 29 – прыкладна па дзьве на год. Апошнія рэзалюцыі былі прынятыя ў лютым і кастрычніку 2008-га і ў студзені, красавіку і сьнежні 2009 году.

Прапануем фрагмэнты нашых паведамленьняў наконт зьместу папярэдніх трох рэзалюцыяў Эўрапарлямэнту.

15.01.2009
"...У дакумэнце гаворыцца, што дзеля таго, каб значна палепшыць стасункі з Эўразьвязам, Беларусь павінна выканаць пяць асноўных патрабаваньняў Брусэлю. У прыватнасьці, яна павінна заставацца краінай без палітвязьняў; улады мусяць забясьпечыць свабоду мэдыяў; працягваць супрацоўніцтва з АБСЭ ў справе зьмяненьня выбарчага заканадаўства…"

2.04.2009
"...У рэзалюцыі эўрапарлямэнтары выказваюць заклапочанасьць станам з правамі чалавека ў Беларусі і выказваюць спадзеў на істотны прагрэс цягам 9-месячнага падаўжэньня мараторыю на візавыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Эўрапарлямэнт пералічвае шэраг крокаў, якіх чакаюць ад афіцыйнага Менску: рэформа выбарчага заканадаўства, забесьпячэньне свабоды СМІ, сходаў і асацыяцый, спыненьне перасьледу апазыцыі, адмена “палітычных” артыкулаў Крымінальнага кодэксу, увядзеньне мараторыю на сьмяротныя пакараньні, прызнаньне Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс".

17.12.2009
"...Эўрапарлямэнтары чакаюць, што ў бліжэйшы год беларускія ўлады рэфармуюць закон аб СМІ ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі міжнародных экспэртаў; скасуюць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу; дазволяць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасьці; створаць спрыяльныя ўмовы для працы НДА і незалежных СМІ. У дакумэнце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў перагледзець прысуды, вынесеныя ўдзельнікам "справы чатырнаццаці", у прыватнасьці Арцёму Дубскаму, і неадкладна вызваліць з-пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенку. Эўрадэпутаты выступаюць за "неадкладны мараторый" на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Яны таксама заклікалі Менск прызнаць Саюз палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і захоўваць правы нацыянальных меншасьцяў..."


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG