Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Амаль два дзесяцігодзьдзі ў дзяржаве пануе штодзённы пахмельны сындром”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 10 сакавіка 2010 году.


Якое месца заняла Беларусь у сьвеце амаль за два дзесяцігодзьдзі незалежнага існаваньня? Куды рухаецца яна пад кіраўніцтвам свайго аднаасобнага лідэра, які ўжо 16 год не жадае ні з кім дзяліцца ўладай? На гэтую тэму — многія лісты ў пошце “Свабоды”. З аднаго зь іх пачну сёньняшнюю размову.

Наш слухач Станіслаў Тунік зь вёскі Шупейкі Сьветлагорскага раёну быў уражаны прагнозам, агучаным нядаўна ў прапагандысцкай перадачы дзяржаўнага тэлеканалу. Спадар Тунік піша:

“Глядзеў Беларускае тэлебачаньне і пачуў надзвычай цікавы прагноз. Аказваецца, праз 15 год мы, беларусы, будзем жыць значна лепш, чым сёньня жывуць людзі ў эўрапейскіх краінах. Бо, бачыце, вырасьце новае пакаленьне, выхаванае ў новых эканамічных умовах. Адважуся выказаць меркаваньне, што гэта не было самастойнай імправізацыяй фантазёра-дыктара БТ.

Адразу прыгадалася, як нам у свой час абяцалі пабудаваць камунізм да 1980-га году, дагнаць і перагнаць Амэрыку і г.д.

Незразумела, што гэта за новыя эканамічныя ўмовы, нібыта створаныя ў Беларусі. Сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць — гэта калгасна-саўгасны лад у сельскай гаспадарцы, панаваньне дзяржуласнасьці ў прамысловасьці і “чырвоныя дырэктары” на чале ўсяго гэтага. На якіх жа ўзорах новых эканамічных умоў будуць выхоўвацца сёньняшнія юныя грамадзяне і адкуль такі спадзеў, што яны праз 15 год усё зьменяць у лепшы бок?

За тыя 16 год, што пры ўладзе ў Беларусі Лукашэнка, вырасла ўжо не адно пакаленьне. А новыя эканамічныя ўмовы нешта не зьявіліся.

Калі што і зьявілася, дык гэта кабальная кантрактная сыстэма, якая пазбавіла найманага работніка найменшых правоў і надзяліла бязьмежнай уладай кіраўніка, пастаўленага чыноўнікамі. Выбудавана “вэртыкаль” улады, прызначаная дзеля таго, каб служыць рэжыму, а не людзям. Умацаваныя сілавыя структуры, закліканыя душыць найменшыя праявы свабоды, а не абараняць грамадзянскія правы.

І ўсё гэта адбылося ва ўмовах поўнай ізаляцыі ад навакольнага сьвету. Улада слухае і чуе толькі сябе і толькі свае дзеяньні лічыць адзіна правільнымі. Яна нібы забыла ці ня бачыць, што ўвесь сьвет даўно асудзіў дыктатарскую форму кіраваньня і жыве паводле дэмакратычных законаў”
.

Не, спадар Станіслаў, далёка ня ўвесь сьвет прыняў дэмакратыю і асудзіў дыктатуру. Мноства рэжымаў, зь якімі беларуская ўлада падтрымлівае асабліва цесныя і дружалюбныя стасункі, абапіраюцца менавіта на аўтарытарныя мэтады кіраваньня, а атрыбуты дэмакратыі калі і выкарыстоўваюць, дык толькі ў якасьці фальшывай дэкарацыі. Іран, арабскія дзяржавы Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, Вэнэсуэла, Куба, Кітай, Паўночная Карэя — гэты сьпіс можна працягваць. Іншая справа, што ўсе яны знаходзяцца далёка ад эўрапейскага кантынэнту, ва ўсіх іх свае спэцыфічныя гісторыя, мэнтальнасьць, традыцыі... І зьяўленьне ў гэтай кампаніі эўрапейскай краіны, якая стагодзьдзямі жыла паводле зусім іншых прынцыпаў, сапраўды, выглядае нонсэнсам і анахранізмам.

Уласнымі думкамі наконт сёньняшняй эканамічнай і палітычнай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, дзеліцца ў сваім лісьце на “Свабоду” Ніна Кірычун зь Берасьця. Слухачка піша:

“Лічу, што наш кіраўнік дзяржавы знаходзіцца на сваім месцы. Тым ня менш сытуацыя ў краіне — на вяршыні ўнутранай і вонкавай напружанасьці. І хуткія выбары зьменяць яе толькі ў горшы бок. Ці зможа кіраўнік дзяржавы выправіць сытуацыю? Думаю, што ён паўсюль сутыкаецца са здрадай — і ўнутры краіны, і за яе межамі.

Адно ў нас нязьменна: які б шлях разьвіцьця ні выбіралі, заўсёды найбольшы цяжар любых мадэрнізацый кладзецца на простага працоўнага.

Асабіста я, каб выжыць і хаця б часткова дасягнуць жаданага ўзроўню дабрабыту, у свой час вымушана была займацца кантрабандай тавараў з Польшчы. Разумныя людзі дапамаглі крыху ўмацавацца матэрыяльна. Не зьбіраюся марнець у галечы і далей. Спадзявацца на ўладу, якая ціха дрэмле, не выпадае”
.

Улада, якая, паводле вашага, спадарыня Ніна, выразу, “ціха дрэмле”, звалілася на галовы беларусаў ня ўчора. Сыстэму гэтай улады больш як паўтара дзясятка гадоў выбудоўваў менавіта той, хто, як вы лічыце, знаходзіцца на сваім месцы. І чаму ў такім разе вам ды іншым жыхарам памежжа, каб выжыць, даводзіцца кантрабандай цягаць тавары з Польшчы, дзе яны, як вядома, і таньнейшыя, і больш якасныя? Можа, якраз таму і таньнейшыя, што няма там гэтай жорсткай чыноўніцкай “вэртыкалі”, а ёсьць празрыстая выбарчая сыстэма, якая гарантуе своечасовую зьмену ўлады, што існуюць незалежныя мэдыі і справядлівы суд?

Мы вернемся да агляду лістоў на “Свабоду” пасьля кароткай абвесткі.

Напрыканцы лютага ў Беларусі забаранілі піць піва ў грамадзкіх месцах. За гэта ды за іншыя адміністратыўныя парушэньні ўведзены высокія штрафы. Наш слухач Алесь Раткевіч з Маладэчна наступным чынам камэнтуе гэтыя захады ўлады (цытую ліст):

“Усю так званую барацьбу з алькагалізмам ды іншымі правапарушэньнямі з дапамогай павелічэньня штрафаў інакш як чарговым раскулачваньнем народу назваць нельга! Амаль два дзесяцігодзьдзі ў дзяржаве пануе бескантрольны штодзённы пахмельны сындром. П’юць усе — хто хоча і колькі хоча. П’юць дзе каму ўзбрыдзе ў галаву, дзе каму зручней: у цэху, у полі, у бальніцы, у школе. Дзяржава імкнецца штогод павялічваць выраб алькагольных напояў. Забароны на продаж няма нават уначы. І вось цяпер, пасьля такой анархіі і спойваньня, нечая сьветлая галава рашыла ў адно імгненьне перамагчы гэтую хваробу, якую сама ж распаўсюдзіла. І зрабіць гэта вырашана з дапамогай рубля. Толькі ці падумала тая галава, у каго яна рубель гэты забірае? У сям’і, у дзяцей п’яніцы ці алькаголіка”.

Далей у сваім лісьце Алесь Раткевіч прыводзіць прыклад таго, як непамерныя штрафы становяцца сапраўдным бедзтвам для зусім не заможных беларускіх грамадзянаў. (Яшчэ адна цытата зь ліста):

“Наша галоўная разумная галава як лічыць? Калі чалавек мае хоць якую дабітую машыну — значыць, багаты. Вось выпіў гэты “багаты” шклянку гарэлкі, сеў за руль. Яго затрымалі, штрафу далі дзесяць з паловай мільёнаў рублёў. Дзе гэтаму гаротнаму бацьку трох дзяцей узяць такія грошы? Заробак у “багатага” — каля пяцісот тысяч у месяц. Як вядома, дзяржава адтэрміноўкі на штрафы не дае. Не заплаціў своечасова? У такім выпадку дзяржаўны інтарэс імгненна абароніць наш самы справядлівы ў сьвеце суд. Прыедуць судовыя выканаўцы, забяруць у бедака аўтамабіль, які ацэняць мільёнаў на пяць, а астатнія грошы дабяруць хатнімі рэчамі — тэлевізарам, кампутарам, лядоўняй. Вось і атрымліваецца, што разам з бацькам жорстка караюць ні ў чым не вінаватых дзетак.

А наш агульны айчым слоў на вецер ня кідае: такое ўражаньне, што перад намі ўсё больш адкрываецца шлях у зямлянкі. Добра адчуваецца сталёвая рука правадыра. Тое, што адраджаецца сталінскае раскулачваньне — гэта факт! Толькі вось куды будуць адсяляць непакорных, хто гэтаму раскулачваньню супраціўляецца?!”
.

Непакорных, тых, хто супраціўляецца, пакуль што ня надта бачна, спадар Алесь. Увогуле, цяжка пярэчыць таму, што п’яных за рулём трэба жорстка караць; што немагчыма цярпець завядзёнку, калі паркі, сквэры, дзіцячыя пляцоўкі, нават грамадзкі транспарт у беларускіх гарадах на працягу апошніх дзесяці-пятнаццаці год паступова ператвараліся ў адзін суцэльны піўны бар. Іншая справа — наколькі апраўдана тое, што ўведзеныя дзяржавай высокія штрафы несувымерныя зь сярэднімі заробкамі ў краіне? І чаму адначасова з гэтым дзяржава мэтанакіравана нарошчвае вытворчасьць таннага алькаголю, пакідае яго даступным для моладзі, не забараняе рэкляму?

На заканчэньне — кароткі ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну — на тэму дзейснасьці “Свабоды”. Слухач апісвае наступную гісторыю (цытую ліст):

“На чыгуначным вакзале Брэст-Паўднёвы зрабілі рамонт і адразу ж зачынілі будынак ад пасажыраў — напэўна, каб не забрудзілі такую прыгажосьць. Пакуль цягнік ня прыйдзе — не адчыняюць: чакай на марозе ці на дажджы. На скаргі не адказвалі — пакуль людзі ня сталі пагражаць: “Вось напішам на Радыё Свабода — і аславіцеся вы на цэлы сьвет”. Пасьля гэтага вакзал адчынілі, а дзяжурная сказала: “Вось вам тэлефон, званіце начальніку, але толькі не на “Свабоду”. Вось так: аказваецца, Радыё Свабода і вакзалы адчыняе!...” .

Што ж, калі гэта дапамагае аднаўленьню справядлівасьці — мы толькі рады, калі вы, шаноўныя слухачы, апэлюеце і спасылаецеся на нас.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG