Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усыноўленыя дзеці пакутуюць ад прэнатальнага ўзьдзеяньня алькаголю


Навукоўцы Манрэальскага ўнівэрсытэту прышлі да высновы, што ня менш як траціна ўсыноўленых заходнімі сем’ямі дзяцей зь Беларусі, Расеі, Румыніі, Польшчы, Грузіі, былой Югаславіі зазналі ўзьдзеяньне алькаголю, яшчэ ня трапіўшы на сьвет — то бок прэнатальна, праз арганізм сваіх цяжарных маці.

Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, надрукаваным у часопісе Canadian Journal of Clinical Pharmacology.

Пэдыятры манрэальскай унівэрсытэцкай клінікі Sainte-Justine дасьледавалі 30 усыноўленых 4—8-гадовых дзяцей, якія трапілі ў Канаду ва ўзросьце да 22 месяцаў. Дасьледаваньне выявіла шмат прыкметаў, якія сьведчаць пра прэнатальны алькагольны сындром.

Паводле прафэсара ўнівэрсытэту Манік Рабэр (Monique Robert), гэта, як правіла, “малы рост дзяўчатак і хлопчыкаў, нізкая вага, кароткія шчыліны павекаў, тонкая верхняя губа, запалая пераносіца”. Падобная паталёгія, аднак, можа назірацца і зь іншых прычын — з-за недахопу харчаваньня, нелегальных спробаў спыніць цяжарнасьць, дзякуючы пэўным генэтычным фактарам і г.д.

Небясьпека прэнатальнага алькагольнага сындрому ў тым, што ён нэгатыўна адбіваецца на дзейнасьці цэнтральнай нэрвовай сыстэмы дзіцяці. У выніку парушаецца каардынацыя і іншыя здольнасьці, зьвязаныя з рухам, узьнікаюць розныя псыхіятрычныя захворваньні. Такія праблемы былі дыягнаставаныя ў 23-х усыноўленых дзяцей.

Гэтае першае дасьледаваньне ўсыноўленых дзяцей з Усходняй Эўропы, праведзенае манрэальскімі навукоўцамі. Паводле ўнівэрсытэцкіх пэдыятраў, для паўнаты карціны ім трэба ведаць, колькі алькаголю спажывалі жанчыны ў пэрыяд цяжарнасьці. Пакуль што ад канчатковых высноваў яны ўстрымліваюцца.
XS
SM
MD
LG