Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выканкамы патрабуюць пацьверджаньняў сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях


Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў

Кіраўнік віцебскай грамадзкай арганізацыі “Самакіраваньне і грамадзтва” Хрыстафор Жаляпаў атрымаў лісты з наваполацкага гарвыканкаму і гарадоцкага райвыканкаму. Чыноўнікі запатрабавалі пацьвярджэньня, ці зьяўляюцца чацьвёра вылучаных прэтэндэнтаў у склад участковых камісій сябрамі гэтай арганізацыі.


Спадар Жаляпаў лічыць патрабаваньне нонсэнсам: дакумэнт пра вылучэньне сябраў “Самакіраваньня і грамадзтва” завераны пячаткай, дый проста дзіўна было б, каб арганізацыя стала вылучаць нейкіх пабочных асобаў. Таму актывіст адкамэнтаваў гэты інцыдэнт такім чынам:

“Я ня ведаю, як гэта ацэньваць. Прынамсі, заканадаўства такога не патрабуе. Ці то ў выканкамах хочуць нешта ўдакладніць, ці то шукаюць нейкіх хібаў. Ну, паглядзім, ці ўключаць нашых людзей у камісіі, ці ня ўключаць. І зможам ацаніць стаўленьне гэтых выканкамаў да выбараў і да грамадзкіх арганізацый — у камісіях жа павінна быць ня менш як 30% прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый! Вось і паглядзім”.

Хрыстафор Жаляпаў — каардынатар руху “За свабоду” на Віцебшчыне. Ён падкрэсьлівае, што там, дзе ў выбарчыя камісіі вылучаны сябры арганізацыі “Самакіраваньне і грамадзтва”, якраз і зьбіраюцца балятавацца прыхільнікі руху.

Ён таксама зазначыў, што сяброўства ў арганізацыі патрабавалі ўдакладніць не паўсюль: да прыкладу, з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску запыту не было. Хаця туды таксама падаваў дакумэнты сябар “Самакіраваньня і грамадзтва”, экс-палітвязень Сяргей Парсюкевіч. Ён спрабуе трапіць хаця б ва ўчастковую выбарчую камісію — пасьля таго як ні ў абласную, ні ў акруговую камісіі яго не ўзялі.
XS
SM
MD
LG