Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Яўген Ліпковіч, які кандыдуе ў кандыдаты на мясцовых выбарах, працягвае завочнае змаганьне за літару і дух законаў са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.

Яўгена Ліпковіча непрыемна ўразіла заява Ярмошынай у інтэрвію агенцтву БЕЛТА 18 лютага, калі яна, характарызуючы партрэт патэнцыйнага кандыдата, сказала, што “гэта прадпрымальнік прыватны або ў рангу кіраўніка буйнога прадпрыемства, акцыянэрнага таварыства”.

На думку блогера, такі запрапанаваны ўплывовым функцыянэрам партрэт ставіць у невыгоднае становішча ўсіх тых патэнцыйных кандыдатаў, якія яму не адпавядаюць, у тым ліку і яго самога.

Угледзеўшы ў выказваньні Ярмошынай спробу ўвесьці ў зман простых выбарцаў, а таксама небясьпеку сацыяльнай дыскрымінацыі, Яўген Ліпковіч зьвяртаўся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай даць у сувязі з гэтым папярэджаньне агенцтву БЕЛТА. Дыялёг зь міністэрствам працягваецца.

Сёньня Лідзія Ярмошына будзе госьцем жывога эфіру інтэрнэт-радыё TUT.BY. Яўген Ліпковіч паслаў на радыё сваё пытаньне з просьбай расказаць, чаму яна падзялілася сваімі думкамі аб партрэце кандыдата ў самым пачатку кампаніі збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў, калі тэрытарыяльныя камісіі нават не прыступілі да рэгістрацыі.

На дасланае пытаньне супрацоўнікі інтэрнэт-радыё TUT.BY адказалі, што не гарантуюць, будзе агучанае ў праграме пытаньне Ліпковіча ці не.
XS
SM
MD
LG