Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Бабруйскім судзе пачынаецца разгляд судовага пазову лекара хуткай дапамогі Сяргея Еўдакімовіча да дзяржаўнай газэты “Бабруйскае жыцьцё”. Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Сяргей Еўдакімовіч спрабуе прыцягнуць да адказнасьці “Бабруйскае жыцьцё”за абразу свайго гонару і годнасьці.


Зьневажальныя публікацыі ў “Бабруйскім жыцьці” былі надрукаваныя падчас кампаніі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, калі Сяргей Еўдакімовіч вылучыўся на дэпутата.

У праваахоўныя органы з патрабаваньнем прыцягнуць аўтараў да адказнасьці ён зьвярнуўся ў тым жа 2008 годзе, і толькі зараз справа будзе разгледжаная ў судзе. Адначасна адміністрацыя хуткай дапамогі распачала ціск на лекара, каб той забраў з суду сваю заяву.

“Мяне ўжо на працы пачынаюць тэрарызаваць: наймальнік выклікае і кажа: падумай пра свой кантракт. Шукаюць падставу, каб са мной расправіцца. Калі раней я хадзіў на працу з задавальненьнем, то зараз іду і дрыжу, каб ніякай падставы ня здарылася”, – гаворыць Сяргей Еўдакімовіч.

Алесь Чыгір
Падчас выбарчых кампаній дзяржаўныя выданьні Бабруйску зьмяшчалі зьневажальныя артыкулы на шэраг кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў, якія тыя расцэньвалі як паклёпніцкія. Былы дэпутат Бабруйскага гарадзкога савету Алесь Чыгір кажа, што вітае намаганьні Сяргея Еўдакімовіча, хоць спадзяваньні на станоўчы вынік вельмі малыя:

“Шмат хто махнуў рукой пасьля выбараў, бо гэта ўсё вельмі складана і патрабуе шмат нэрваў. Я ведаю шмат прыкладаў у Бабруйску, калі людзі спрабавалі змагацца з уладай праз суды, але гэта толькі прыводзіла да сур’ёзных захворваньняў. А адзін чалавек увогуле памёр, былы кандыдат у дэпутаты – выбары былі сфальшаваныя, ён спрабаваў гэта даказаць, узяў усё блізка да сэрца – інфаркт – і малады мужчына гадоў 45 памёр. І тое, што ў Сяргея хапае сіл гэта давесьці да канца – гэта вельмі вялікая справа, каб паказаць, што незалежнае грамадзтва можа супрацьстаяць гэтай сыстэме”.

Судовы пазоў Сяргея Еўдакімовіча да “Бабруйскага жыцьця” – адзін з шэрагу, зь якімі беларускія грамадзяне зьвяртаюцца ў суды.
Андрэй Бастунец

У Беларускай асацыяцыі журналістаў кажуць, што ня маюць дакладнай статыстыкі пра колькасьць такіх зваротаў, але вядома, што найчасьцей заяўнікі спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці дзяржаўнае тэлебачаньне і ягоных асобных прадстаўнікоў. Аднак цяжка ўзгадаць выпадак, калі дзяржаўныя мэдыі прайгравалі суд, кажа юрыст БАЖу Андрэй Бастунец:

“Калі такія пазовы падаюцца да дзяржаўных мэдыяў, то атрымоўваецца кшталту пазову супраць дзяржаўнага апарату. І вынік у большасьці выпадкаў адмоўны для заяўнікаў. І наадварот, калі пазовы ініцыяваныя прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, то суд заўсёды выносіць рашэньне на іх карысьць. Можна ўзгадаць хаця б недзяржаўныя газэты “Навіны” і “Наша свабода”, якія пасьля пазоваў тагачасных высокапастаўленых чыноўнікаў Тозіка і Шэймана, проста перасталі існаваць”.

У выпадку перамогі ў працэсе Сяргей Еўдакімовіч усю суму кампэнсацыі абяцае ахвяраваць сіротам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG